Угоншчык самалёта “Белавіі” атрымаў тры гады пазбаўлення волі

Грамадзянін Грузіі Гела Сахелашвілі, які ў чэрвені 2014 года спрабаваў “угнаць” самалёт “Белавіі” Кутаісі — Мінск, атрымаў тры гады пазбаўлення волі. Такое рашэнне 28 студзеня прыняў суд Кастрычніцкага раёна Мінска.

“Гэта мінімальны тэрмін па тым абвінавачанні, якое было выстаўленае”, — канстатуюць ў пасольстве Грузіі ў Беларусі.

Калі Еўрарадыё звязалася з Іяй Тварадзэ, блізкай сваячкай Гелы Сахелашвілі, аказалася, што сям’я яшчэ не ведала пра прысуд.

“Вой, Божа мой, гэта праўда? Мы думалі, што яму дадуць шэсць гадоў”, — узрадавалася сваячка Гелы Сахелашвілі.

Сям’я спадзяецца, што пасля вынясення прысуду яны змогуць хаця б паразмаўляць з блізкім чалавекам.

“У яго старыя бацькі, ужо не працуюць, вельмі перажываюць, — кажа Ія. — Вельмі хвалюецца за Гелу дачка. Яна з ім пасля таго, што здарылася, нават не магла паразмаўляць. Спадзяемся, што пасля вынясення прысуду яна зможа яго пачуць”. 

“Хачу сустрэцца з Папам Рымскім!” Як Гела ўганяў самалёт

Карцінка так званага “ўгону” была ўзноўленая з паведамленняў беларускіх праваахоўных органаў, сваякоў абвінавачанага і з таго, што абвінавачаны распавёў консулу Грузіі ў Беларусі.

41-гадовы жыхар Тэржалы Гела Сахелашвілі вырашыў уладкавацца будаўніком у Беларусі і падзарабіць: жонцы была патрэбная аперацыя на сэрцы. У меддапамозе мела патрэбу і Бая — дачка героя гэтай гісторыі.

Перад вылетам Гела выпіў больш за літр грузінскай чачы, але нейкім чынам здолеў трапіць на борт. Ужо падчас палёту нецвярозы пасажыр згадаў пра даўнюю крыўду на заходнееўрапейцаў і вырашыў сустрэцца з Папам Францыскам, каб паправіць сітуацыю. Гела праз сцюардэсу перадаў у кабіну пілотаў запіску з патрабаваннем ляцець у Рым. Жартаваў Гела ці не — экіпаж разбірацца не стаў.

Камандзір захопленага экіпажа: Запіска была напісаная лацінскімі літарамі

У выніку самалёт прызямліўся, як і належыць, у Мінску. Пасажыры пра спробу “ўгону” нават не падазравалі. Не кантактаваў з “тэрарыстам” і камандзір экіпажа Аляксандр Букрэеў. Пасля пасадкі ў салон зайшлі прадстаўнікі антытэрарыстычнага падраздзялення КДБ. Гутарка з Гелам працягвалася больш за паўгадзіны. Справа скончылася тым, што грузін падняўся з крэсла і спакойна выйшаў. Ніякай зброі ў яго таксама не было.

Сваячка “ўгоншчыка самалёта”: Мы ў шоку ад навіны. "Ён добры, верыць у Бога"

Грузіна абвінавацілі па артыкуле “Угон паветранага судна” (артыкул 311, частка 2). Нягледзячы на тое, што здарэнне выглядала як жарт, артыкул не перакваліфікавалі на больш мяккі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі