У школах і вучэльнях Віцебска забаранілі Хэлоўін і Дзень святога Валянціна

У школах і вучэльнях Віцебска забаранілі Хэлоўін і Дзень святога Валянціна

Ва ўстановах адукацыі Віцебскай вобласці забаранілі святкаванне Хэлоўіна і Дня святога Валянціна. Адпаведны дакумент за подпісам начальніка ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрыя Хомы трапіў у рэдакцыю “НН”. У ім чыноўнік адзначае, што “гэтыя гэтак званыя "святы" не адносяцца ні да рэлігійных святаў якойсьці з канфесій, зарэгістраваных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, ні да свецкіх святаў нашай дзяржавы”. Дзмітрый Хома перакананы, што яны “носяць дэструктыўны характар, падрываюць падмуркі маралі, сям'і і нацыянальных традыцый беларускага народа”.

Калі барацьба са святкаваннем Хэлоўіна ўжо стала традыцыйнай, асабліва з боку рэлігійных актывістаў, то вось Дзень усіх закаханых трапіў пад забарону ўпершыню. За што, аддзел адукацыі Віцебскага аблвыканкама тлумачыць няўцямна:

“Дадзенае свята адзначаецца так шырока, што многія ўстановы адукацыі аказаліся ўцягнутыя ў гіганцкую масавую індустрыю інфармацыйна-ідэалагічнага і эканамічнага характару (набыццё навучэнцамі паштовак)”, — няўцямна апісваецца прычына ў дакуменце, а далей адзначаецца, што Дзень святога Валянціна ўзнік у Старажытным Рыме ў перыяд яго “маральнай і палітычнай дэградацыі”. А вось пра яго хрысціянскае паходжанне — ні слова.

Што праўда, прамой забароны на святы, асноўным складам якіх з’яўляецца “паганскі акультызм (калдунства)”, няма. Папера ўсяго толькі настойліва рэкамендуе прыбраць іх з выхаваўчых планаў. Здзіўляе, што ў спісе Віцебскага аблвыканкама няма афіцыйнага дзяржаўнага свята Радуніца, якое з’яўляецца нашай паганскай спадчынай з усімі наступствамі гэтага, ці таго ж Купалля, з яго пошукамі чароўнай кветкі і ачышчальнымі скокамі праз вогнішча.

Атрымаць каментарый супрацоўнікаў віцебскага аблвыканкама пакуль не атрымалася, адчуванне, што чыноўнікі часова схаваліся ад прэсы. Але ў аддзеле адукацыі Мінгарвыканкама Еўарардыё пераканалі, што рашэнне аб забароне Хэлоўіна і Дня святога Валянціна не агульнарэспубліканскае. Дзякуй і на гэтым!

 

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі