У Савеце Еўропы заявілі пра неабходнасць зменаў выбарчага заканадаўства Беларусі

У Савеце Еўропы заявілі пра неабходнасць зменаў выбарчага заканадаўства Беларусі

У Мінску варта бліжэйшым часам арганізаваць “круглы стол” па рэформе выбарчага заканадаўства Беларусі з удзелам прадстаўнікоў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, іншых міжнародных арганізацый, праваабаронцаў, журналістаў і іншых зацікаўленых. З такой прапановай выступіў дакладчык ПАСЕ па Беларусі Андрэа Рыгоні.

Рыгоні: “У снежні 2016 года БДІПЧ АБСЕ прадставіла свой выніковы даклад па выніках парламенцкіх выбараў у Беларусі. Там ёсць канкрэтныя рэкамендацыі. І для нас адзіная магчымасць зменаў у Беларусі ў галіне выбарчага заканадаўства, свабоды слова, свабода асацыяцый і сходаў — гэта пастаянная праца. Каб улады Беларусі зразумелі, што ў іх ёсць надзейны і паслядоўны партнёр у асобе нашай Асамблеі. Але ў той жа час наша праца павінна грунтавацца на Канвенцыі па правах чалавека”.

У адказ дэпутат Палаты прадстаўнікоў Андрэй Навумовіч заявіў, што беларускія ўлады зрабілі “максімальныя намаганні па забеспячэнні дэмакратычнага і празрыстага дэмакратычнага працэсу ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам і міжнароднымі абавязальніцтвамі”. Як вынік, кажа дэпутат, парламенцкая кампанія прайшла “ў мірнай атмасферы і адзначылася вялікай канкурэнцыяй”.

Навумовіч: “Беларускія ўлады гатовыя да працягу дыялогу з ПАСЕ ў далейшым удасканальванні выбарчага заканадаўства і практыкі. Сведчанне гэтаму — працяг працы Міжведамаснай працоўнай групы па разглядзе рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ па выніках назірання за прэзідэнцкімі і парламенцкімі выбарамі. А ў кастрычніку мінулага года ўрад краіны зацвердзіў Нацыянальны план па правах чалавека, які з’яўляецца першым такім дакументам у гісторыі незалежнай Беларусі”.

Палітычная апазіцыя не толькі цалкам падтрымлівае ідэю адмены смяротнага пакарання, але і хоча дамагчыся, каб Беларусь ратыфікавала Канвенцыю па правах чалавека і каб у нашу краіну вярнуліся сумленныя і празрыстыя выбары па стандартах АБСЕ, заявіла Ганна Канапацкая.

“Мы падрыхтавалі ўжо свае прапановы па змене выбарчага заканадаўства. І я зраблю ўсё магчымае, каб гэтыя прапановы былі прынятыя”, — канстатавала Канапацкая.

Апошнія парламенцкія выбары сапраўды прайшлі спакойна і мірна, але тым не менш самі выбары не адпавядалі шэрагу міжнародных стандартаў аб правядзенні свабодных і дэмакратычных выбараў, падкрэсліў праваабаронца Валянцін Стэфановіч. Ён таксама звярнуў увагу на неабходнасць зменаў выбарчага заканадаўства Беларусі.

Нагадаем, 24 студзеня ў Камітэце па палітычных пытаннях Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы прайшлі слуханні па тэме “Сітуацыя ў Беларусі”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі