У Мінску затрымалі старшыню Уздзенскага райвыканкама

У Мінску затрымалі старшыню Уздзенскага райвыканкама, а таксама дырэктара прадпрыемства "Уздзенскі аграсервіс". Супрацоўнікі ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі ГУУС Мінгарвыканкама з'явіліся ў момант атрымання імі хабару — 8 тысяч еўра. Грошы службовым асобам перадавалі прадстаўнікі нейкага "вядомага замежнага вытворцы сельскагаспадарчай тэхнікі". Такім чынам яны хацелі заключыць кантракт і выйграць тэндар на пастаўку тэхнікі.

Як паведамляе прэс-служба Следчага камітэта, былі затрыманыя і асобы, якія далі хабар старшыні выканкама і дырэктару. Цяпер з імі працуюць следчыя.

Крымінальная справа ў адносінах службовых асобаў з Уздзенскага раёна распачатая па артыкуле "атрыманне хабару асобамі, якія займаюць адказнае становішча ў буйным памеры". Што да прадстаўнікоў замежнага прадпрыемства, дык у іх адносінах крымінальную справу распачалі па артыкуле "дача хабару ў буйным памеры".

Нагадаем, неўзабаве перададуць у суд справу экс-старшыні Іўеўскага райвыканкама. У ёй — больш за 20 эпізодаў злачыннай дзейнасці былога чыноўніка. З чэрвеня мінулага года (з моманту затрымання) ён знаходзіцца за кратамі. Некалькі тыдняў таму ў Лідзе на вуліцы затрымалі намесніка старшыні райвыканкама. Разам з ім праваахоўнікі схапілі і старшыню аднаго з сельсаветаў. Іх падазраюць у садзейнічанні ў атрыманні бясплатных віз за грошы.

Фота: Fotolia

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі