У Мінску развіталіся з Міхаілам Марынічам

Сярод тых, хто прыйшоў на цырымонію развітання, якая прайшла 19 кастрычніка ў рытуальнай зале па вуліцы Альшэўскага ў Мінску, былі экс-кандыдат у прэзідэнта Аляксандр Казулін, кіраўнік ініцыятыва “Гавары праўду” Уладзімір Някляеў, галоўны рэдактар газеты “Народная воля” Язэп Сярэдзіч, а таксама некаторыя дыпламаты і былыя дзяржаўныя дзеячы.

Пасля завяршэння цырымоніі развітання прайшло пахаванне Міхаіла Марыніча на Усходніх могілках Мінска.

Міхаіл Марыніч нарадзіўся 13 студзеня 1940 года ў Петрыкаўскім раёне Гомельскай вобласці. Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут, Інстытут замежных моваў, Мінскую вышэйшую партыйную школу. Меў ступень кандыдата эканамічных навук.

Быў мэрам Мінска, дэпутатам Вярхоўнага Савету 12-га склікання, амбасадарам Беларусі ў Чэхіі, Славакіі, Венгрыі, а таксама ў Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі, нагадвае БелаПАН.

Пасля звальнення з дзяржаўнай службы ўзначаліў новую грамадскую арганізацыю “Беларуская асацыяцыя “Дзелавая ініцыятыва”. Прымаў удзел у прэзідэнцкай кампанііі 2001 году, але не сабраў дастатковай колькасці подпісаў для вылучэння кандыдатам.

У 2004 годзе быў арыштаваны і асуджаны на пяць гадоў турмы. Яго прызналі вінаватым у прысабечванні аргтэхнікі, якую яму бясплатна перадала амбасада ЗША ў часовае карыстанне. Выйшаў з турмы ў 2005 годзе, перанёсшы ішэмічны інсульт і інфекцыйнае захворванне вачэй.  

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі