У Мінск едзе гурт "Краски", які не мае права спяваць хіты гурта "Краски"

У Мінск едзе гурт "Краски", які не мае права спяваць хіты гурта "Краски"

24 лютага ў Мінску збіраецца выступіць гурт "Краски". Легенда 2000-х вяртаецца ў "залатым складзе" і абяцае выканаць усе хіты, якія зрабілі яе вядомай: пра старэйшага брата, пра мамачку, пра аранжавае сонца. Што праўда, Аляксей Воранаў, аўтар гэтых хітоў і прадзюсар гурта "Краски", які існуе дагэтуль, нічога не ведае ні пра які мінскі канцэрт:

"Група "Краски" не будзе выступаць у Мінску. Гэта будзе нехта іншы выступаць, — кажа прадзюсар. — Гэта будзе канцэрт ці нейкага мінулага складу, ці людзей, якія ў гурце "Краски" ніколі не выступалі".

Не ўсе фарбы — "Краски"

На сайце гурта вялікімі літарамі напісана пра махляроў, якія карыстаюцца брэндам "Краски". Па самым простым запыце у Google знаходзіцца з тузін розных клонаў. Такі шалёны поспех мы бачылі хіба што ў 1990-я, калі па прасторах былога СССР "каталася" некалькі складаў гурта "Ласковый май".

"Змагацца з імі абсалютна немагчыма, — працягвае Аляксей Воранаў. — На афішы можна напісаць лацінскімі літарамі "Kraski" — і гэта ўжо не "Краски". Можна напісаць "залаты склад", і пад гэтымі словамі можа быць усё што заўгодна. А пасля яны кажуць: "Мы ж папярэджвалі, што гэта як бы не сапраўдныя "Краскі", ну". А наконт аўтарскіх правоў кажуць: "У нас не канцэрт, а караоке". Пяць складаў ездзіць па Расіі. Проста бяруць кампакт-дыск, адкрываюць рот, а пасля кажуць, што ў іх караоке".

 

У Мінск едзе гурт "Краски", які не мае права спяваць хіты гурта "Краски"
Класічны склад гурта "Краски". У цэнтры вакалістка Аксана Кавалеўская і Вольга Гусева, якая была харэографам.

Хто ж будзе выступаць пад брэндам "Краски" у Мінску? Тэлефануем у агенцтва "ПАН-студыя", якое сумесна з клубам "Бруге" арганізуе імпрэзу. "Мы хацелі запрасіць Аксану [Аксана Кавалеўская, вакалістка гурта "Краски" з 2001 па 2006 год. — Еўрарадыё], але яна цяпер занятая сваім здароўем, неяк так яе менеджар адпісаўся. Калі на чэрвень, ліпень, дык можа і яна. Але не раней. А пасля адшукалі Волю [Вольга Гусева, таксама ўдзельніца першага складу гурта "Краски". — Еўрарадыё]. Апынулася, яна таксама выступае. Вось, Воля і будзе, — адказваюць там. — Бо ёсць яшчэ два фэйкавыя склады, дзе зусім маладыя дзяўчаты. І мы хваляваліся, каб не прывезці іх, а пасля мець праблемы, што незразумела хто спяваў чужыя песні".

У Мінск едзе гурт "Краски", які не мае права спяваць хіты гурта "Краски"
Афіша канцэрта з FB. Пра жывы гук — ні слова.

"Я на іх гляджу, а там дзяўчынкам 19, 21 год... Кажу: "Не можа гэтага быць!"

Чаму няправільныя "Краски", якіх прадзюсуе Воранаў? "Мы думалі іх запрасіць. Але пасля дырэктар (здаецца, Наталля) дасылае нам пашпартныя звесткі. Я на іх гляджу, а там дзяўчатам 19, 21 год... Кажу: "Не можа гэтага быць! Мусіць быць ім ужо пад сорак гадоў!". Яна пачала пераконваць: у нас брэнд. Але я кажу: не, пачакайце..." — працягваюць арганізатары канцэрта. Атрымліваецца, у іх свая праўда: "Краски" ўжо не тыя, што раней!

Вольга Гусева сапраўды ўдзельнічала ў самым першым складзе гурта "Краски", а цяпер жыве ў Маскве і працягвае выступаць. Спявачка пацвердзіла Еўрарадыё, што збіраецца ехаць у Мінск.

На яе сайце группакраски.рф напісана, што ад заснавання гурта правы на яго мае прадзюсарскі цэнтр "Марти-Групп Энтертейнмент". Таксама там ёсць некалькі відэа з жывымі выступамі. Што праўда, музыка "Красок", правоў на якую ў Гусевай няма, там не гучыць. А на сайце "Красок" Воранава наўпрост сказана:

 

У Мінск едзе гурт "Краски", які не мае права спяваць хіты гурта "Краски"

Гастрольку можа атрымаць і махляр, чыноўнікі за гэта не адказваюць

Як "Краски" атрымалі дазвол на канцэрт? Ёсць жа Палажэнне аб арганізацыі і правядзенні культурна-відовішчных мерапрыемстваў. Там ясна сказана: забаронена праводзіць канцэрты, падчас якіх парушаюцца аўтарскія правы. Па словах Аляксея Воранава, чыноўнік з Мінгарвыканкама адмыслова звязаўся з ім па Viber, каб высветліць пытанне інтэлектуальнай уласнасці:

 

У Мінск едзе гурт "Краски", які не мае права спяваць хіты гурта "Краски"
Скрыншоты: Аляксей Воранаў.

Усё зразумела? Аднак гастрольку "Краскам" Вольгі Гусевай усё ж выдалі. Як? Еўрарадыё звязалася з тым самым Аляксандрам Шастаковым з ідэалагічнага ўпраўлення Мінгарвыканкама. Ён каментаваць сітуацыю не захацеў. Сказаў толькі: глядзіце тую частку палажэння, дзе напісана, хто нясе адказнасць за адпаведнасць мерапрыемства беларускім законам. Мы паглядзелі — адказнасць нясе арганізатар імпрэзы.

Атрымліваецца, чыноўнікі могуць выдаць гастрольку арганізатарам канцэрта любога гурта "Краски". Караоке гэта будзе ці "залаты склад" — пра гэта чыноўнікі могуць не клапаціцца, бо ўся адказнасць ляжыць на арганізатары імпрэзы. Але ці ёсць сэнс у такім "гастрольным пасведчанні", якое абсалютна не абараняе беларускую публіку ад фэйкаў?

 

У Мінск едзе гурт "Краски", які не мае права спяваць хіты гурта "Краски"

Чые ўсё ж такі "Краски"?

Сузаснавальнік "Марти-Групп Энтертейнмент", прадзюсар Валерый Шаўчэнка пацвярджае: правы на калектыў з 2001 года належаць менавіта гэтай кампаніі. Доля ў ёй ёсць таксама і ў Аляксея Воранава. А вось правамі на песні "Красок" валодае толькі іх аўтар — Воранаў.

Да спробаў зарабіць на раскручаным брэндзе Валерый Шаўчэнка ставіцца па-філасофску. Маўляў, што было — тое скончылася, а час назад не вернеш. Што праўда, яму сённяшнія "Краски" з маладой вакалісткай таксама не падабаюцца:

"Я неяк размаўляў з Воранавым. Ён мне прапаноўвае: "Давай, займіся! Давай зоймемся па-новаму!". Але ж салістцы 18 гадоў! Яна нарадзілася, калі нарадзіўся гурт! Смешнавата гэта... А ён усё ж такі хоча прасунуць гэтую ідэю. Але ж сто разоў ужо ўсе гэта паспрабавалі. Прыгадайце, напрыклад, Гулькіну (Наталля Гулькіна, адна з першых салістак гурта "Міраж" у канцы 1980-х. — Еўрарадыё), і ўсіх астатніх... Калі б васемнаццацігадовую дзяўчынку ўзялі ў "Міраж" — што гэта такое было б?"

Дарэчы, самая вядомая салістка "Красок", Аксана Кавалеўская назву гурта не эксплуатуе. Яна спявае пад уласным прозвішчам, час ад часу дапісваючы на афішы "экс-Краски". У яе рэпертуары ёсць хіты з 2000-х. Але ў гэтым выпадку Аляксей Воранаў не супраць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі