У Малайзіі забілі старэйшага брата Кім Чэн Ына

У Малайзіі забілі старэйшага брата Кім Чэн Ына

Улады Малайзіі пацвердзілі звесткі пра смерць Кім Чон Нама — старэйшага брата кіраўніка Паўночнай Карэі Кім Чэн Ына. Прычыны смерці афіцыйна не называюцца, інфармуе Бі-Бі-Сі. У паўднёвакарэйскіх і малайзійскіх СМІ пішуць, што 45-гадовага Кім Чон Нама забілі ў аэрапорце Куала-Лумпура.

Звесткі пра забойства ў СМІ падаюцца супярэчлівыя. Паводле адных крыніцаў, да яго падышла жанчына і накінула на галаву тканіну, намочаную невядомай вадкасцю. Паведамляецца, быццам Кім Чэн Наму стала пячы вочы, яму паспрабавалі аказаць дапамогу ў аэрапорце, але потым адправілі ў шпіталь. Па дарозе ў лякарню ён памёр.

Паводле іншай версіі, на Кім Чэн Нама напалі дзве жанчыны, якія ўжылі атручаныя голкі, а потым уцяклі.

Крыніца Bloomberg ва ўрадзе Паўднёвай Карэі заявіла, што для забойства Кім Чэн Нама выкарыстоўваўся яд.

Старэйшы сын Кім Чэн Іра лічыўся адным з прэтэндэнтаў на пасаду кіраўніка Паўночнай Карэі. Аднак калі Кім Чон Нам паспрабаваў у 2001 годзе трапіць у Японію з фальшывым пашпартам, у яго пачаўся канфлікт з бацькам. У выніку пераемнікам на пасадзе кіраўніка дзяржавы стаў іншы сын — Кім Чэн Ын: ён узначаліў Паўночную Карэю пасля смерці бацькі ў снежні 2011 года.

"Апальны" Кім Чон Нам у Паўночнай Карэі не з'яўляўся. Паведамляецца, што большую частку часу ён праводзіў у кітайскім Макао. Ён выступаў супраць спадчыннай перадачы ўлады і быў вядомы як прыхільнік рэформаў. Таму ў СМІ выказваюцца версіі, што да яго забойства спрычыніліся ўлады Паўночнай Карэі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі