У Гомелі бясплатна рэстаўруюць стары драўляны дом (фота)

Гомельскія краязнаўцы распачалі бясплатную рэстаўрацыю старога драўлянага будынка.

Сярод усіх абласных цэнтраў найбольш яскравыя ўзоры элементаў архітэктурнай драўлянай разьбы прадстаўленыя менавіта ў Гомелі. Аднак шматлікія гаспадары не адчуваюць цікаўнасці да сваіх старых дамоў, і будынкі проста губляюць свае адметныя рысы пад сайдынгам пры мадэрнізацыі.

Краязнаўцы імкнуцца захаваць крупінкі ўцалелага народнага дызайну. Для рэстаўрацыі быў абраны дом 1924 года на вуліцы Новапалескай. Архітэктар Сяргей Ляпін распавёў пра этапы работы над фасадам:

“Гэта зняцце старой фарбы, пакрыццё новай, аднаўленне драўляных элементаў. Тыя драўляныя прапільныя элементы, якія былі ўжо страчаныя, мы паспрабуем кваліфікавана аднавіць”.

Ініцыятар акцыі прызнаецца, што рэсурсаў не так шмат і хацелася б хаця б на адзіным прыкладзе паказаць, што час можна запусціць у адваротным напрамку.

Варта дадаць, што на прыкмеце для рэстаўрацыі былі яшчэ два будынкі. Аднак іх гаспадары не пагадзіліся, бо так і не змаглі ўявіць, што валанцёры бясплатна адновяць ім фасад, і чакалі нейкага падману.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі