У Брэсце спынілі справу аб паклёпе на кіраўніка дзяржавы

У Брэсце спынілі справу аб паклёпе на кіраўніка дзяржавы, распачатую Следчым камітэтам у дачыненні да мясцовага жыхара Міхаіла Лукашэвіча. 63-гадовы пенсіянер абклеіў плот вакол свайго ўчастка транспарантамі з палітычнымі лозунгамі. Частку з іх можна пабачыць тут.

Народныя мудрасці і афарызмы ўласнага аўтарства — "плакаты" з імі, як кубікі канструктара “Лега”, утваралі адно вялікае палітычнае графіці. Крытыку як савецкай, так дзейнай улады, апроч суседзяў, штодня маглі прачытаць пасажыры аўтобусаў. Плот выходзіў акурат на праезную частку.

Крытыкаваць улады без пераходу на асобу ў Міхаіла Лукашэвіча не атрымалася. Чалавек з прозвішчам Лукашэнка згадваўся ледзь не ў кожным другім "плакаце". Які менавіта надпіс праваахоўнікі палічылі паклёпам на кіраўніка краіны, так і засталося невядомым.

Як паведаміў Еўрарадыё праваабаронца Уладзімір Вялічкін, днямі стала вядома, што крымінальную справу спынілі з-за адсутнасці складу злачынства. Артыкул, дарэчы, прадугледжваў да 4 гадоў пазбаўлення волі.

Вялічкін: “Дзякуючы” яго (Міхаіла Лукашэвіча ― Еўрарадыё) паводзінам на першым допыце, калі ён у прысутнасці дзяржаўнага адваката фактычна агаварыў сам сябе, справу можна было адразу падаваць у суд ― ён бы ўжо сядзеў. Але з-за прафесіяналізму следчага і новага адваката, якога мы (праваабаронцы ― Еўрарадыё) яму дапамаглі знайсці, ён сёння на свабодзе”.

Падчас следства Міхаіл Лукашэвіч паспеў пабываць ў “Навінках”. У Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры псіхічнага здароўя мужчына праходзіў экспертызу. У выпадку, калі б яго прызналі псіхічна хворым, яго чакала б перспектыва ізаляцыі ад грамадства і прымусовае лячэнне на тэрмін да 2 гадоў.

Аднак лекары прызналі Лукашэвіча здаровым. Па словах Уладзіміра Вялічкіна, гэта яшчэ адзін станоўчы вынік заканчэння гэтай справы.

Вялічкін: “Добра вядома, што Міхаіл Лукашэвіч у савецкія часы быў ахвярай пераследу карнай псіхіятрыі, але за гады незалежнасці Беларусі гэта справа падзабылася. І тая справа, якая па даносу суседа была распачата, дапамагла зрабіць яго здаровым!”.

Падчас следства ў хаце Лукашэвіча рабілі ператрус. З гаража міліцыянеры канфіскавалі “прылады злачынства” — некалькі шклянак з фарбай і грунтоўкай, а таксама 7 пэндзляў. З часам фактычна знік і сам плот. Па словах суседзяў, невядомыя зафарбавалі большую частку надпісаў. Адбылося гэта акурат падчас знаходжання Лукашэвіча ў “Навінках”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі