У Брэсце на фотавыставе паказалі міжваенны Беласток (фота)

У Брэсце на фотавыставе паказалі міжваенны Беласток (фота)

У Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі адкрылася фотавыстава “Баляслаў Аўгустыс. Міжваенны Беласток ў аб'ектыве майстра”. Тут прадстаўлены фатаграфіі Беластока ў перыяд з 1935 па 1939 гады. Зрабіў іх уладальнік фотамайстэрні ў Беластоку. Фотаздымкі дэманструюць важныя гістарычныя падзеі з жыцця даваеннага Беластока, партрэты і вулічныя здымкі жыхароў горада падчас нядзельных прагулак і за штодзённымі заняткамі.

Цікава, што гэтыя здымкі былі згубленыя больш чым на 60 год. Пра гэта Еўрарадыё распавяла намеснік дырэктара па навуковай працы Брэсцкага абласнога краязнаўчага музею Таццяна Няклюдава.

Няклюдава: “Гэтыя здымкі былі выпадкова выяўленыя ў Беластоку ў 2004 годзе. Пазней іх апрацаваў рэдактар беластоцкай газеты “Выборчай” Гжэгаш Дамбровскі. Ён пачаў патроху гэтыя здымкі публікаваць. Яны выклікалі шырокі грамадскі розгалас у горадзе. Быў выпушчаны альбом з гэтымі здымкамі, а таксама арганізаваная такая вось перасоўная выстава”.

Генеральнае консульства Рэспублікі Польшча ў Брэсце прадаставіла музейшчыкам каля 100 фатаграфій для стварэння экспазіцыі. Частка з іх засталася за рамкамі выставы. Астатнія скампанаваныя так, каб храналагічна паказаць усе асноўныя этапы ў жыцці чалавека ад нараджэння да смерці.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі