У Бельгіі за няяўку на выбары — штраф 250€, а ў Андоры на ўчастках даюць віно

У Бельгіі за няяўку на выбары — штраф 250€, а ў Андоры на ўчастках даюць віно

У свеце ёсць краіны, дзе галасаванне на выбарах абавязковае для ўсіх грамадзян, якія маюць права голасу. Такіх краін больш за 20. Сярод іх Аргенціна, Аўстралія, Бельгія, Бразілія, Люксембург, Перу, Швейцарыя, Тайланд, Уругвай і іншыя.

Абавязковае галасаванне ўводзіцца, каб забяспечыць высокую яўку на выбарах і выключыць іх безвыніковы зыход. Але такая мера моцна памяншае ўласную цікавасць выбаршчыка да выбарчага працэсу, што ставіць пад сумнеў шчырасць і абгрунтаванасць такога волевыяўлення. Таму пытанне легітымнасці такой сістэмы выклікае вялікія спрэчкі ў юрыстаў. 

Так, напрыклад, у Аўстраліі абавязковая як працэдура галасавання, так і папярэдняя рэгістрацыя. Упершыню абавязковае галасаванне было выкарыстанае на рэферэндумах у 1915 годзе.

Галасаванне ў Аўстраліі абавязковае як на федэральным узроўні, так і на ўзроўні асобных штатаў і тэрыторый. Па статыстыцы, у сярэднім на кожных выбарах каля 5% выбаршчыкаў не бяруць удзелу ў галасаванні. Калі паважнай прычыны няма ці яна прызнаная нездавальняючай, вінаватага штрафуюць на 20-70 аўстралійскіх долараў (250-872 тысячы рублёў).

У Бельгіі за няяўку на выбары — штраф 250€, а ў Андоры на ўчастках даюць віно
Выбары ў Аўстраліі. Фота: AFP

Абавязковае галасаванне ёсць і ў Бельгіі. Прычым нават для тых, хто знаходзіцца за мяжой. Для гэтага можна прагаласаваць у пасольстве ці аформіць “даверанасць” на іншага чалавека, які зможа прагаласаваць за вас. У выпадку, калі выбаршчык не прагаласаваў, штраф — каля 250 еўра. А калі ён яшчэ і чыноўнік, то яго прасоўванне па кар’ернай лесвіцы замарозяць на перыяд да 10 гадоў.

Але мясцовыя жыхары адзначаюць, што пакараць можа толькі суд, які, у сувязі з вялікай загружанасцю, не паспявае разглядаць большасць такіх спраў. Таму вялікая колькасць людзей застаецца непакаранай.

 

 

У Бельгіі за няяўку на выбары — штраф 250€, а ў Андоры на ўчастках даюць віно
Выбары ў Аргенціне. Фота: tempusnoticias.com

Абавязковае галасаванне ёсць і ў Аргенціне. Адмовіцца ад яго могуць толькі асобы ад 16 да 18, а таксама старэйшыя за 70 гадоў. Астатнія маюць магчымасць пазбегнуць удзелу, падаўшы афіцыйную заяўку аб адмове ў мясцовы выбарчы ўчастак не пазней за 48 гадзін да дня галасавання. У іншым выпадку чакаюць санкцыі. Штраф у памеры ад 20 да 200 долараў. Аналагічная сістэма працуе ў Бразіліі.

Падобны закон ёсць і ў Турцыі, там штраф за непрысутнасць на выбарах складае каля 14 долараў, але на “злосных парушальнікаў” накладаецца нават крымінальная адказнасць.

Але ў некаторых краінах існуе і адваротная практыка. Так, напрыклад, у Андоры выбаршчыкам у дзень галасавання ў якасці заахвочвання выдаецца бакал віна, а ў Паўднёвай Карэі дзень выбараў заўжды прыпадае на сераду, якую робяць выхадным днём.

Галоўнае фота: (Чарга на выбарчы ўчастак у Андоры) elperiodic.ad/TONY LARA

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі