У Беларусі знайшлі скрадзеную з расійскага музея карціну Івана Шышкіна (фота)

У Беларусі знайшлі скрадзеную з расійскага музея карціну Івана Шышкіна (фота)

У Беларусі знайшлі скрадзеную ў 2013 годзе з гісторыка-мастацкага музея горада Вязнікі Уладзімірскай вобласці Расіі карціну Івана Шышкіна "Лес. Яліны". Адбылося гэта падчас затрымання ўдзельнікаў злачыннай групоўкі, піша газета "СБ. Беларусь сегодня".

Карціну збіраліся прадаць нейкаму нелегальнаму пакупніку з Масквы за 100 тысяч долараў і 3 кг какаіну. Аднак беларускія аператыўнікі распрацоўвалі злачынную групу, якая займалася распаўсюдам у нашай краіне наркотыкаў, што пастаўляліся з Расіі. Затрыманне лідара групоўкі байцамі спецпадраздзялення "Алмаз" адбылося ў Мінскім раёне. Адначасова схапілі і іншых удзельнікаў, у аднаго з іх і знайшлі карціну.

Высветлілася, што твор мастацтва, скрадзены з музея, прывезлі ў нашу краіну для паказу замежнаму пакупніку, але дамовіцца наконт кошту не ўдалося. Карціну зноў выставілі на нелегальны продаж. Дарэчы, як стала вядома, некалькі гадоў таму "Лес. Яліны" прапаноўвалася на еўрапейскіх падпольных інтэрнэт-аукцыёнах, кошт даходзіў да 2 мільёнаў долараў.

Карціну перадалі ў Нацыянальны мастацкі музей Беларусі для правядзення экспертызы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі