У Беларусі вуліцам будуць інакш даваць назвы ў гонар знакамітых людзей

Назвы вуліцам у гонар знакамітых людзей у Беларусі будуць даваць па поўным імені і прозвішчы (альбо поўным псеўданіме). Гэты варыянт большасцю галасоў прыняла Тапанімічная камісія пры Савеце міністраў. Пры гэтым адзінагалосна вырашана цалкам адмовіцца ад выкарыстання ў назвах ініцыялаў, інфармуе БЕЛТА.

Эксперты пагадзіліся, што прыняцце аднастайнага падыходу ў поўнай меры адпавядае патрабаванням уніфікацыі тапанімічнай сістэмы ўнутры населеных пунктаў і адначасова служыць адукацыйна-выхаваўчым мэтам. Падыход дазваляе ідэнтыфікаваць асобу, у гонар якой названая вуліца.

З практычнага пункту гледжання выкарыстанне ў назве імені, прычым на першым месцы, неабходна для правільнага напісання прозвішча на беларускай і рускай мовах, дапамагае пазбегнуць граматычных памылак.

Старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Беларусі, які ўзначальвае Тапанімічную камісію пры Саўміне, Георгій Кузняцоў адзначыў, што вопыт Беларусі па навядзенні парадку з назвамі населеных пунктаў і іх састаўных частак (вуліц, плошчаў і г. д.) лічыцца перадавым у СНД. "Мы ствараем аснову для ліквідацыі той блытаніны, якая да гэтага часу панавала, калі імёны выбітных людзей прысвойваліся не па агульным правіле, а па нейкім суб'ектыўным гусце. Густаўшчыне ў гэтай справе не месца. Цяпер па ўсёй краіне будуецца шмат жылля, пракладваюцца новыя вуліцы — у выпадку, калі яны будуць насіць кагосьці альбо імя і прозвішча, псеўданім, то будуць называцца па адзіным стандарце", — сказаў Кузняцоў.

Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі