У Беларусі пастаўлены абсалютны тэмпературны рэкорд восені

У Беларусі пастаўлены абсалютны тэмпературны рэкорд восені

Новы тэмпературны рэкорд восені за ўвесь перыяд метэаназіранняў зафіксаваны ў Беларусі 1 верасня. У Жыткавічах слупок тэрмометра ўзняўся ажно да 35,6 градуса і гэта на 1,9 градуса вышэй рэкорда, зафіксаванага 8 верасня 2008 года ў Лельчыцах, а таксама на 3,5 градуса вышэй за ранейшы рэкорд дня, пастаўлены 1 верасня 1992 года на метэастанцыі “Палеская” ў Брэсцкай вобласці.

У Мінску паветра ўчора прагрэлася да 31 градуса пры першапачатковым прагнозе 27-29 і ўдакладненым — каля 30. У сталіцы таксама абноўлены рэкорд дня і ўсёй восені (1 верасня 1992 года тут было 30,3 градуса).

Тэмпературныя рэкорды дня і восені пабітыя ў Брэсце (34,4 супраць 31,5 градуса) і ў Гродне (34,2 супраць 31,5 градуса). У Гомелі пабіты рэкорд дня — 30,7 градуса супраць 29,7 у 2004 годзе.

Пры гэтым на поўначы краіны была зусім іншая карціна надвор’я: у Езярышчы ў Віцебскай вобласці было ўсяго 16,7 градуса, у Віцебску — 20. У рэгіёне таксама прайшлі дажджы — у розных раёнах выпала ад 14 да 21 адсотка месячнай нормы ападкаў.

2 верасня на большай частцы тэрыторыі Беларусі захаваецца спёка, на поўдні прагназуецца да +35. У паўночна-заходніх раёнах прагназуюць дажджы, месцамі навальніцы, перадае БелаПАН.

Фота з архіву

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі