У Беларусі могуць вынесці чарговы смяротны прысуд

У Беларусі могуць вынесці чарговы смяротны прысуд

У Мінскім гарадскім судзе завяршаецца працэс над забойцамі маладой пары на вуліцы Алібегава. 

Двум мужчынам, абвінавачаным у забойстве, пракурор запрасіў смяротнае пакаранне, перадае БЕЛТА. Аліне Шульганавай, якую абвінавацілі ў арганізацыі прычынення цяжкага цялеснага пашкоджання, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека, і падрыхтоўцы да выкрадання чалавека, пракурор запрасіў 15 гадоў калоніі агульнага рэжыму.

Кандыдаты на смяротнае пакаранне — Аляксандр Жыльнікаў і Вячаслаў Сухарко. Яны былі выканаўцамі злачынства на вуліцы Алібегава, дзе загінула маладая пара. Таксама іх вінавацяць у забойстве чалавека ў Калодзішчах (Мінскі раён): там Сухарко быў выканаўцам злачынства, а Жыльнікаў — памагатым. 

Пацярпелымі па справе прызнаныя 5 чалавек, якія выступілі на судзе. Чацвёра з іх падтрымалі патрабаванне смяротнай кары падсудным, адзін пацярпелы выказаўся за пажыццёвае зняволенне.

Прысуд па справе будзе агучаны 6 сакавіка. 

Забойства маладой пары на вуліцы Алібегава адбылося ў снежні 2015 года. 27-гадовая мінчанка мінчанка Аліна Шульганава хацела вярнуць сабе мужчыну, які сышоў да іншай. Яна наняла чалавека для выкрадання саперніцы. Аднак у мужчыны, які пагадзіўся ёй дапамагчы, не атрымалася скрасці саперніцу.

Тады Шульганава папрасіла дапамогі ў свайго 44-гадовага суседа і яго 23-гадовага таварыша.  Яна заплаціла ім, каб збілі дзяўчыну. Аднак нанятыя мужчыны забілі і разлучніцу, і ветранага каханка. Пасля гэтага яны абакралі кватэру і ўцяклі. Знайсці і затрымаць замоўцу злачынства і выканаўцаў праваахоўнікі здолелі на працягу сутак.

Падчас расследавання забойства на вуліцы Алібегава следчыя выявілі, што затрыманыя мужчыны ўчынілі яшчэ адно забойства за некалькі дзён да таго. Яны напалі ў Мінскім раёне на 59-гадовага мужчыну і забілі яго за актыўны супраціў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі