У Беларусі могуць увесці дадатковыя меры дагляду перад уваходам у аэрапорт

У Беларусі могуць увесці дадатковыя меры дагляду перад уваходам у аэрапорт

Еўрапейскі камітэт па справах грамадзянскай авіяцыі 31 сакавіка разглядае новыя патрабаванні бяспекі для аэрапортаў Еўрасаюза. Пра гэта паведамляе літоўскі партал DELFI.

Іх сутнасць у тым, што перад уваходам у аэрапорт у чалавека будуць правяраць багаж. Ахоўнікі таксама могуць праверыць кішэні. Калі новыя патрабаванні будуць прынятыя, ім будуць павінныя падпарадкоўвацца больш за 800 еўрапейскіх аэрапортаў.

Падобныя меры працуюць, да прыкладу, у маскоўскім аэрапорце Дамадзедава. Там багаж усіх наведнікаў паветранай гавані прапускаюць праз рэнтген адразу на ўваходзе ў будынак. А перад пасадкай праводзяць ужо больш пільны дагляд.

У Беларусі могуць увесці дадатковыя меры дагляду перад уваходам у аэрапорт
Інтэр’ер нацыянальнага аэрапорта Мінск. Фота: su243.by

Начальнік Упраўлення дзяржаўнай інспекцыі па бяспецы палётаў Беларусі Юрый Касцюкевіч кажа, што калі рашэнне будзе прынятае ў Еўрасаюзе, “мы таксама будзем разглядаць гэтае пытанне”.

Меры бяспекі ў Нацыянальным аэрапорце Мінск былі павышаныя адразу пасля тэрактаў у Бруселі. Іх падрабязнасці Касцюкевіч не раскрывае, каб доступ да гэтай інфармацыі не парушыў узровень бяспекі.

Але ці не стануць натоўпы людзей, якія будуць збірацца перад уваходамі аэрапортаў, мэтай для тэрарыстаў?

“Любая мера бяспекі мае сэнс, апраўданая ці не — гэта ўжо іншае пытанне. У нас пакуль ніякага натоўпу няма. Гэтыя меры ўжо і раней выкарыстоўваліся. У расійскім аэрапорце Шарамецьева, да прыкладу. І рамкі стаялі. Калі ў Еўропе будзе прынятае такое рашэнне, мы таксама будзем яго разглядаць”, — так адказаў на гэтае пытанне Юрый Касцюкевіч.

Літоўскі эксперт у галіне авіяцыі Рыціс Дулінскас таксама падтрымлівае такія меры:

“Мне даводзілася сутыкацца з такімі мерамі бяспекі. На маю думку, усё, што павышае бяспеку, — гэта добра”, — цытуе эксперта DELFI.

Дулінскас падкрэсліў, што ў гэтым пытанні неабходна вырашыць, што больш важнае — бяспека або свабода перамяшчэння. “Так, гэта можа парушыць рух, зацягнуць час пэўных працэдур, гэта варта прыняць да ўвагі. Але той факт, што гэтая мера выкарыстоўваецца і што практыка дагэтуль існуе, відаць, усё ж сябе апраўдвае”, —  гаворыць Дулінскас.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі