У Беларусі блакуюць ананімныя электронныя кашалькі

У Беларусі з 1 сакавіка прыпыненыя аперацыі па электронных кашальках, чые ўладальнікі не прайшлі працэдуру ідэнтыфікацыі, паведамляе БЕЛТА.


Гэтая мера павінна супрацьдзейнічаць незаконнам абарачэнню наркотыкаў. Яна прадугледжаная дэкрэтам Аляксандра Лукашэнкі №6 ад 28 снежня 2014 года "Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў". Цяпер уладальнікі электронных кашалькоў і тыя, хто іх толькі адкрывае, мусяць абавязкова быць ідэнтыфікаваныя. Тыя, хто не паспеў ідэнтыфікавацца да 1 сакавіка, могуць залагодзіць усе фармальнасці і пасля гэтай даты. Прайсці ідэнтыфікацыю можна ў аддзяленнях банкаў, якія адкрывалі электронны кашалёк. Пасля ідэнтыфікацыі доступ да электроннага кашалька разблакуюць.

Летась у Беларусі электронныя грошы ў абарачэнне выпускалі восем банкаў, у тым ліку Белгазпрамбанк (электронныя грошы сістэм EasyPay "Берліё", "МТС Грошы"). Акрамя таго, гэты банк пагашаў электронныя грошы нерэзідэнтаў сістэм "Росберліё-Карт", "Крысмар". З электроннымі грашыма працавалі Тэхнабанк (на тэхнічнай платформе сістэмы WebMoney Transfer), Парытэтбанк (iPay), ІнтэрПэйБанк (W1 Bel), Трастбанк (iPay), Прыёрбанк (Belqi, "ОСМП", iPay).

Эмісіяй перадаплочаных падарункавых картак займаліся Прыёрбанк, Белінвестбанк і Беларусбанк. Яны таксама блакуюцца з 1 сакавіка. У Прыёрбанку абяцаюць дадаткова паведаміць пра далейшую працу з такімі карткамі. У Белінвестбанку карткі адблакуюць пасля ідэнтыфікацыі ўладальніка. А Беларусбанк прыпыніў продаж падарункавых картак яшчэ ў снежні 2014 года.

Фота — kp.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі