У Беларусь па бязвізавым рэжыме прыехала ўжо амаль 3900 замежнікаў

У Беларусь па бязвізавым рэжыме прыехала ўжо амаль 3900 замежнікаў

У Беларусь па бязвізавым рэжыме прыехала ўжо 3869 замежнікаў з 58 краінаў свету — такую статыстыку падае Дзяржаўны памежны камітэт па стане на 10 сакавіка. Часцей за ўсіх нашу краіну наведваюць грамадзяне Нямеччыны — 620 чалавек, на другім месцы палякі (478), на трэцім — італьянцы (420).

Як паведамляе dw.by, актыўнасць немцаў, якія часта карыстаюцца правам прыехаць у Беларусь на 5 дзён без візы, можна растлумачыць моцнымі бізнэс-кантактамі паміж краінамі. З Нямеччыны часцей прыбываюць у нашу краіну па дзелавых пытаннях, а не ў якасці турыстаў.

Выканаўчы дырэктар Саюза турыстычных арганізацый Беларусі Валянцін Цэхмейстэр у інтэрв’ю “Нямецкай хвалі” адзначыў, што дзеля павелічэння патоку замежных турыстаў Мінску давядзецца яшчэ шмат зрабіць: распрацаваць цікавыя маршруты, вырашыць шэраг тэхнічных праблем. Апроч таго, пра Беларусь у свеце ведаюць не так і шмат і часта блытаюць яе з іншымі дзяржавамі. На думку эксперта, варта таксама падумаць аб павелічэнні колькасці дзён бязвізавага знаходжання — тады можна будзе прапаноўваць медыцынскія туры з адпачынкам у санаторыях.

Бязвізавы рэжым для грамадзян 80 краін свету пачаў дзейнічаць у Беларусі з 12 лютага. Цяпер грамадзяне большасці еўрапейскіх краін, а таксама шэрагу іншых дзяржаў могуць прыехаць сюды без візы на 5 дзён. Пры гэтым яны павінны прыбыць у Беларусь праз Нацыянальны аэрапорт “Мінск”.
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі