У Баранавічах спросцяць працэдуру заяўкі на масавыя мерапрыемствы

Баранавіцкі гарвыканкам унясе змены ў сваё рашэнне "Аб масавых мерапрыемствах". Такі адказ за подпісам старшыні аблвыканкаму Леаніда Цупрыка атрымаў на сваю скаргу Сяргей Гоўша. Праваабаронца скардзіўся на гарадскія ўлады за тое, што яны не дазволілі правесці чарговы праваабарончы пікет.

Як распавёў Еўрарадыё Сяргей Гоўша, раней для пікета ў Баранавічах трэба было заключаць дамовы з камунальнікамі, хуткай дапамогай і міліцыяй.

Гоўша: "З ЖЭСам, з хуткай дапамогай у нас праблем няма, а міліцыя дамову не заключае! Папросту дамаўляюцца яны з аддзелам ідэалогіі Баранавіцкага гарвыканкаму, каб пацягнуць час на любой падставе. Вось яны цягнуць час, не заключаюць дамову, а пасля не дазваляюць нам правесці пікет. Чаму? "А вы не заключылі з міліцыяй дамову".

Цяпер будзе не абавязкова дамаўляцца з міліцыяй, калі арганізатары абавязуюцца самастойна забяспечваць правапарадак. Аднак баранавіцкі праваабаронца не спадзяецца, што пікеты ў горадзе будзе лягчэй правесці.

Напрыклад, сёлета ў Брэсце ўжо прынялі падобныя змены ў парадак правядзення масавага мерапрыемства: дамова з міліцыяй больш не патрэбная. Аднак, па словах праваабаронцаў, улады знаходзяць іншыя сродкі забараняць непажаданыя акцыі. Напрыклад, прызначаць іншае мерапрыемства ў той жа дзень, калі заяўнік планаваў зладзіць пікет.

Фота — spring96.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі