У 217-ці SMS Каці паведамілі, што Арцём яе кахае

Стаю на прыпынку і заўважаю кранальную аб'яўку рамантычнага зместу:


"Каханне выратуе свет!!! Паважаныя жыхары горада Мінска! Не застаньцеся абыякавымі і дапамажыце хлопцу вярнуць каханне дзяўчыны. Просьба, 23 траўня пазваніць ці адправіць СМС са словамі "Ён кахае цябе" па нумары... Дзяўчыну завуць Каця. Загадзя вялікі дзякуй!"


"Развод", думаю, з уласцівым мне скепсісам, бо ў інтэрнэце пастаянна папярэджваюць не весціся на падобныя паперкі. Але на ўсялякі выпадак вырашаю праверыць нумар праз сотавага аператара.


"Не, гэта звычайны нумар, зарэгістраваны на дзяўчыну, то бок, будзе аднолькавы тарыф — па 350 рублёў за адну SMS, таму ніякіх большых спісанняў не будзе. Гэта, відаць, нехта сапраўды захацеў зрабіць прыемнае дзяўчыне, таму можаце адпраўляць", — кажа кансультант.


І вось з упэўненасцю ў хэпі-эндзе набіраю Кацю. Яна аказваецца вясёлай і гаваркой. Але расчароўвае: 217 SMS і безліч тэлефанаванняў былі бессэнсоўнымі.


"Гэта быў мой былы муж, а не тое, што нейкі хлопчык, а я дзяўчынка, — смяецца Каця. — Людзі добрыя ў нас у горадзе. Адгукнуліся на просьбу. Спачатку прыемна было атрымліваць SMS. А потым надакучыла. Але я б усё адно не даравала, нават калі б прыйшло дзесяць тысяч SMS, бо жыву сваім новым жыццём".


Разам Каця і Арцём былі каля трох гадоў, гадавалі дзіця. Што стала прычынай разладу, маладыя людзі не паведамляюць, маўляў, не хацелася б гэта ўзгадваць. Але Каця кажа, што ішла да свайго рашэння доўга, а Арцём "прачнуўся" толькі праз паўгода пасля разводу.


"Мы аднойчы віншавалі такім чынам Кацю з Днём нараджэння, — распавядае Арцем. І ёй сапраўды было вельмі прыемна, калі практычна ўвесь горад Мінск тэлефанаваў і віншаваў. А тут дайшло да таго, у дзве ці тры гадзіны ёй давялося адключыць тэлефон, то бок, ёй было ўсё абыякава".


Цяпер Арцём вырашыў адступіць, маўляў, Каця адчувае сябе шчаслівай з іншым мужчынам, менавіта такога яна хацела бачыць побач з сабой усё жыццё. Навошта перашкаджаць.


Людзі! Калі вы бачыце на слупах і прыпынках падобныя аб'яўкі, патэлефануйце сотаваму аператару, каб упэўніцца, што з нумарам усё ў парадку, і адкажыце на просьбу. Арцёму не ўдалося вярнуць Кацю. Але, магчыма, некага гэта прымусіць дараваць і вярнуцца.

Фота: feminomics.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі