Турфірма: Калі турыста цяпер не пераканаць, ён не вернецца ў Крым і Украіну

Прадстаўнікі украінскіх паўднёвых курортаў і Крыма на выставе “Адпачынак-2014” стаяць поруч: “Шмат гадоў ездзілі разам”.

“Прыходзяць людзі, але хвалююцца. Каб супакоіць, мы распавядаем, што мы самі прыехалі з Украіны, праехалі ўвесь шлях і жывыя здаровыя. Турфірмы, што да нас возяць, просяць, каб мы дапамаглі гэты страх прыбраць”, — расказвае Еўрарадыё пра адпачынак на Азоўскім моры Алена Полубаярынава, начальніца інфармацыйнай службы курорта Кірылаўка.

Яна наракае на тэлевізар, які пужае патэнцыйных турыстаў з Беларусі. І супакойвае:

“Мы самі калі глядзім тэлевізар, загружаемся, а як выходзіш на вуліцу — адпускае. Ціха, спакойна… Лепш па вуліцы проста гуляць, тады спакойна жывецца”.

Поруч з ёй — прадстаўнік Крыма Вячаслаў Хачатуран, галоўны рэдактар часопіса турысцкага рынку Крыма “Тэра Таўрыка”. Ездзяць разам на выставы некалькі гадоў.

“Турыстаў з Украіны будзе нашмат менш. Тут цяжка нешта прагназаваць, бо няма яснасці. Расія, якая далучыла тэрыторыі, цяпер мусіць забяспечыць нам плынь турыстаў. Там кажуць, што ў іх за кожным рэгіёнам замацаваны канкрэтны завод, рэгіён ці горад, які абавязаны паставіць турыстаў. Але гэта могуць быць сацыяльныя турысты, у якіх з сабой мала грошай. Пра камерцыйных турыстаў цяпер ніхто нічога не ведае”, — тлумачыць Вячаслаў Хачатуран.

Пакуль размаўляем, каля стэнда збіраюцца “неабыякавыя” турысты. Даюць парады, як уладкаваць Украіну.

“Трэба разабрацца там, што да чаго, парадак навесці. А то як ехаць?”, — задаецца пытаннем дзядуля гадоў 70-ці.

Наталля, жанчына сярэдняга ўзросту, перажывае: кожны год ездзіла ў Крым. Сёлета, не ўпэўненая, што паедзе.

“Колькі пыталася, ніхто нічога не ведае пра Крым. Летась я была ў Феадосіі, там і нядорага, і добра, пляж добры. Хацелася б у гэтым годзе таксама”, — прызнаецца Наталля.

Беларускія турфірмы скардзяцца на расійскія тэлеканалы: з-за іх не набываюць туры, баяцца.

“Мы сталі закладнікамі інфармацыйнай вайны. Кіраўнік краіны кажа, што мы падтрымліваем сувязі з Украінай. А людзі прыходзяць і ўключаюць расійскія каналы. У нас перавозчыкі, якія набывалі аўтобусы, стаяць, не ездзяць, за два месяцы туры не прадаюцца. Калі турыста цяпер не пераканаць, ён не вернецца. У тым годзе халерай пужалі”, — скардзіцца дырэктар турфірмы “Долсан” Сяргей Далганаў.

Яго турфірма арганізоўвае паездкі на Азоўскае мора, у Львоў і Закарпацце.

На выставе Крым прапануюць толькі некалькі стэндаў. На фоне вялікіх шыльдаў з рэкламай Балгарыі і Грэцыі прапановы паехаць на адлучаны ад Украіны паўвостраў амаль незаўважныя.

А турысты з Беларусі не шкадуюць сродкаў і збіраюцца ў Дамінікану і Туніс.

“Мы плануем у Дамінікану паехаць. Дорага, вядома, але цікава”, — расказвае студэнтка Алена. Варыянт паехаць на курорты Крыма ці Паўднёвай Украіны яна нават не разглядае.

“Збіраюся ў Туніс паехаць ці на Кіпр, пакуль не вырашыла. Гэта залежыць ад таго, хто паедзе. Трэба з кожным годам расці, у тым годзе я ў Турцыю ездзіла”, — кажа Марыя.

Летась найбольш турыстаў з Беларусі ездзіла ў Расію, Украіну, Балгарыю і Грэцыю. У краіны па-за СНД выехала 495 тысяч чалавек, у краіны СНД — 213 тысяч, паведамляе Белстат.

Фота — Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі