Турцыя — між молатам і кавадлам курдаў і Ісламскай дзяржавы

NATO ўхваліла запыт Турцыі на правядзенне пазачарговага сходу Паўночнаатлантычнага савета. Ён мусіць адбыцца 28 ліпеня. На ім плануецца скаардынаваць дзеянні ўзброеных сілаў краіны супраць курдскіх сепаратыстаў і баевікоў “Ісламскай дзяржавы”.

На мінулых выходных турэцкія ўзброеныя сілы нанеслі ўдары па пазіцыях групоўкі “Ісламскай дзяржавы” (ІДз) на поўначы Сірыі, а таксама па пазіцыях Працоўнай партыі Курдыстана (ППК) на поўначы Ірака.

Авіяўдары былі праведзеныя пасля выбуху ў парку турэцкага горада Суруч, падчас якога загінула 32 чалавекі. Ахвярамі тады сталі добраахвотнікі-курды, якія збіраліся там для абмеркавання дапамогі курдскім апалчэнцам у барацьбе супраць баевікоў ІДз.

Працоўная партыя Курдыстана ўспрыняла тэракт як супрацоўніцтва Турцыі з “Ісламскай дзяржавай” і ў адказ здзейсніла напад на турэцкіх паліцэйскіх.

Авіяналёты турэцкай авіяцыі на пазіцыі курдскіх сепаратыстаў на поўначы Ірака фактычна скончылі двухгадовае перамір’е.

Адначасова з авіяўдарамі ў 22 правінцыях Турцыі прайшла маштабная аперацыя супраць магчымых экстрэмістаў. У панядзелак, 27 ліпеня, прадстаўнік урада заявіў, што мясцовыя праваахоўнікі затрымалі каля 900 чалавек, якія падазраюцца ў сувязях з ІДз і ППК, паведамляе Deutsche Welle.

ЗША ўжо падтрымалі дзеянні Анкары. “Турцыя мае права наносіць ўдары па аб’ектах тэрарыстаў”, — заявіў намеснік дарадцы ЗША па нацыянальнай бяспецы Бэн Родс. Ён нагадаў, што Злучаныя Штаты занеслі Працоўную партыю Курдыстана ў спіс тэрарыстычных арганізацый. Родс таксама пахваліў “рашучыя дзеянні Турцыі” супраць “Ісламскай дзяржавы”, перадае агенцтва AFP.

Канцлер Германіі Ангела Меркель заклікала прэм’ера Турцыі Ахмета Давутаглу не спыняць мірны дыялог з курдамі, нягледзячы на ўсе цяжкасці. Пры гэтым яна выказала падтрымку Анкары ў барацьбе супраць тэрарызму.

Дырэктар беларускага Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў Арсеній Сівіцкі мяркуе, што сітуацыя ў рэгіёне мае нашмат больш глыбокія перадумовы, чым падаецца на першы погляд. Некаторыя краіны, такія як Іран, неаднаразова абвінавачвалі Турцыю ва ўскоснай падтрымцы “Ісламскай дзяржавы”. І таму гэтая ваенная кампанія стала нечаканасцю для многіх.

Але, на думку эксперта, пакуль такая пазіцыя Анкары вельмі хісткая, і яна проста выкарыстоўвае барацьбу супраць “Ісламскай дзяржавы”, каб змагацца з Працоўнай партыяй Курдыстана.

“На сёння ў Стамбуле знаходзіцца адзін з найбуйнейшых офісаў вярбоўкі баевікоў для ІДз, таму, відаць, як толькі Турцыя зменіць сваю пазіцыю ў дачыненні да “Ісламскай дзяржавы”, гэта можа выклікаць даволі жорсткую рэакцыю з боку тэрарыстычных структур”, — кажа эксперт.

Арсеній Сівіцкі

Арсеній Сівіцкі адзначае, што сярод геапалітыкаў ёсць меркаванне, што за барацьбой супраць ІДз Анкара можа таксама хаваць і легальную падставу для інтэрвенцыі ў Сірыю. Але хутчэй за ўсё памежжа Турцыі, Ірака і Сірыі застанецца полем дзеяння так званай Proxy-вайны.

“Сітуацыя ў рэгіёне будзе развівацца ў рэчышчы Proxy-war, калі будзе цягнуцца неаб’яўленная вайна паміж Іранам і прашыіцкімі сіламі з аднаго боку, а з другога боку суніцкімі дзяржавамі і групоўкамі, якія прадстаўляюць іх інтарэсы”, — кажа эксперт.

На яго думку, сітуацыя ў рэгіёне больш залежыць ад іншых фактараў, найважнейшым з якіх з’яўляецца паспяховасць угоды па іранскай ядзернай праграме.

Фота: zn.ua, img.gorod.lv, topwar.ru, Courtesy Photo

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі