Вы тут

Топ-5 самых тытулаваных фільмаў, якія не рэкамендуе глядзець Мінкульт

Акрамя спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў у Беларусі ёсць таксама спіс фільмаў, якія "не рэкамендаваныя для распаўсюду на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь". Калі за дэманстрацыю фільма з экстрэмісцкага спісу можна і ў калонію трапіць, то глядзець і захоўваць у сябе фільмы са спісу Мінкульта можна, наступстваў не будзе. Гэтыя стужкі проста настолькі не спадабаліся нашым культурным чыноўнікам, што яны вырашылі папярэдзіць пра гэта грамадзян. Еўрарадыё вывучыла даволі вялікі спіс і выбрала з яго фільмы, якія маюць больш за ўсё міжнародных узнагарод, а прафесійныя кінакрытыкі ўсяго свету ад гэтых стужак у захапленні. Пачынаем:

 

5 месца ― "Зелёный слоник", 1999 год, Расія, рэжысёр Святлана Баскава.

Відаць, самая незвычайная стужка ў нашым спісе і, верагодна, не самы святочны фільм. Але ўвагі варты адназначна. Гэта аматарскі фільм, што змог прыцягнуць увагу кінакрытыкаў ва ўсім свеце, а яшчэ стаў культавым у карыстальнікаў сацсетак. У першую чаргу сацсеткі "Вконтакте". Ацэньваюць яго вельмі неадназначна. Вось толькі некалькі кароткіх водгукаў: "Забараняць яго бессэнсоўна ўжо таму, што з-за ванітавання нікому не ўдалося даглядзець яго да паловы" (крытык Валер Кічын), "шакуючы і маргінальны... жорсткая антымілітарысцкая прытча" (Андрэй Плахаў), "Фільм Святланы Баскавай арганічны настолькі, наколькі арганічныя чалавечыя фекаліі" (Мілена Мусіна). Тым не менш аўтарытэтны расійскі часопіс "Афіша" уключыў "Зялёнага слоніка" у спіс 100 галоўных рускіх фільмаў 1992―2013 гадоў. Фільм паказвалі на некалькіх еўрапейскіх фестывалях па-за конкурсам. Рэйтынг imdb.com ― 5,6. Беларускі шэдэўр "Вам ― задание" на сайце "КиноПоиск" мае толькі 5,3.

Кадр з фільма "Generation П". Так, так, ён таксама ў нашым спісе.

4 месца ― "Wolf Creek" (Воўчая яма), 2005 год, Аўстралія, рэжысёр Грэг Маклін.

16 намінацый на прэміі кінафестываляў па ўсім свеце, сярод якіх намінацыя ў катэгорыі "Лепшы фільм жахаў" прэміі "Сатурн". Стужка атрымала дзве ўзнагароды ― прэмію Austin Fantastic Fest у катэгорыі лепшы акцёр (Джон Джэрэт), а таксама прэмію Таварыства кінематаграфістаў Аўстраліі.

Фільм заснаваны на рэальнай гісторыі аўстралійскага маньяка Івана Мілата, якога арыштавалі ў 1999 годзе. У 2013 аўстралійцы знялі другую частку, якая была менш паспяховай. Рэйтынг "Воўчай ямы" на imdb.com ― 6.3. Аматары фільмаў жахаў ацэньваюць стужку значна вышэй.

 

3 месца ― "Изображая жертву", 2006 год, Расія, рэжысёр Кірыл Сярэбранікаў.

Гэтая чорная расійская камедыя у год выхаду на экраны мела адразу 4 намінацыі на прэмію "Залаты арол" і 5 намінацый на прэмію "Ніка", сярод якіх намінацыя на лепшую жаночую ролю года. І не абы каму, а для самой Ліі Ахіджакавай. Ахіджакава ў выніку прэмію за лепшую жаночую ролю атрымала. А сам фільм атрымаў галоўны прыз фестывалю "Кінатаўр", галоўны прыз Рымскага міжнароднага кінафестывалю і прыз глядацкіх сімпатый фестывалю "Срэбны грыфон", які праходзіць у Санкт-Пецярбургу.

Фільм, вядома, не самы просты і месцамі спецыфічны. Яго галоўны герой вымушана ўладкоўваецца на працу ў міліцыю, дзе мае вельмі спецыфічныя абавязкі і праз гэта знаёміцца з мноствам неверагодных крымінальных гісторый. Рэйтынг на аўтарытэтным кінасайце imdb.com ― 7,3. Няслаба.

 

2 месца — "Generation П", 2011, Расія, рэжысёр Віктар Гінзбург.
 
Як у "непажаданы спіс" нашага Мінкульта трапіла экранізацыя культавага рамана яшчэ больш культавага Віктара Пелевіна, можна здагадвацца. Прозвішча рэжысёра Гінзбурга таксама чулі нават не самыя блізкія да кіно людзі. Але вось факт ― фільм "Generation П" у нашай краіне распаўсюджваць не рэкамендавана.
А шкада, экранізацыя атрымалася нядрэннай. У першыя два дні пракату на тэрыторыі СНД фільм паглядзела 255 тысяч гледачоў, зборы за гэты перыяд склалі больш за 2 мільёны долараў ― шалёны поспех для расійскага фільма.
"Generation П" запрасілі ў афіцыйныя праграмы дзясяткаў вядучых фестываляў свету, уключаючы прэстыжную праграму "Авангард" фестывалю ў Таронта. Фільм выйграў "Спецыяльную згадку журы" у Карлавых Варах і атрымаў прыз глядацкіх сімпатый варшаўскага фестывалю расійскага кіно "Спадарожнік над Польшчай", самага буйнога ў свеце штогадовага агляду расійскіх фільмаў. У студзені 2012 года амерыканскае інтэрнэт-выданне The Huffington Post паставіла фільм на першае месца сярод 63 замежных фільмаў, якія прымалі ўдзел у міжнародным кінафестывалі ў Палм-Спрынгс (Каліфорнія). Рэйтынг imdb.com ― 6,8

Кадр з фільма "Волчок".

1 месца ― "Волчок", 2009 год, Расія, рэжысёр Васіль Сігараў.

Лепшы фільм фестывалю "Кінатаўр" за 2009 год, тамсама атрымаў прэміі за лепшую жаночую ролю і лепшы сцэнар. Лепшы фільм партугальскага фестывалю Douro Film Harvest, лепшы фільм кінафестывалю ў Цюрыху. Узнагарода за лепшы фільм ад Гільдыі кінакрытыкаў і кінапрэсы "Белы слон", прэмія "Ніка" за лепшую аператарскую працу. І яшчэ дзясятак узнагарод на вядомых расійскіх і еўрапейскіх кінафестывалях.

Стужка расказвае гісторыю узаемаадносінаў маці і дачкі, якія ўвесь час уцякаюць адна ад адной. "Я свядома не хацеў рабіць чарнушны фільм, задача была дамагчыся адчуванняў успамінаў пра дзяцінства, такіх дзіўных урыўкаў. А дзяцінства, якое б страшнае яно ні было, не можа быць чорна-белым ― ты ўсё роўна будзеш памятаць яго яркім і прыгожым", ― расказваў пра фільм яго рэжысёр Сігараў. Рэйтынг на imdb.com ― 7,2.

У спісе, дарэчы, яшчэ ёсць фільм Ціля Швайгера "Прыгажунчык 2" і некалькі частак амерыканскага хорара "Піла" (чамусці не ўсе). Дзякуй мінкульту за добрую працу.

Новости других медиа
Загрузка...

Галоўнае

Выбар рэдакцыі