Топ-5: навіны 7 сакавіка

Топ-5: навіны 7 сакавіка

Абаронца Курапатаў Сяргей Пальчэўскі асуджаны на 10 сутак арышту

У Мінску затрымалі абаронцу Курапатаў Сяргея Пальчэўскага. Актывіст атрымаў вядомасць пасля таго, як у лютым прыкаваў сябе да грузавіка кайданкамі (дарэчы, менавіта пасля гэтага будаўнічыя працы ў ахоўнай зоне Курапатаў спыніліся).

Пальчэўскага схапілі ў пад’ездзе яго дома і адвезлі ў аддзел міліцыі. Увечары стала вядома, што актывіста асудзілі на 10 сутак арышту. Таксама праваахоўнікі спрабавалі затрымаць і лідара маладафронтаўцаў Змітра Дашкевіча. Але ён змог пазбегнуць "аблавы".

Топ-5: навіны 7 сакавіка
Фота: прэс-служба ўрада Расіі

Беларуска-расійскія праблемы не даюць нашай краіне ўдзельнічаць у шматбаковых інтэграцыйных працэсах. Пра гэта на пасяджэнні Еўразійскага савета, якое адбываецца ў Бішкеку, заявіў кіраўнік беларускага ўраду Андрэй Кабякоў.

У адказ расійскі прэм'ер Дзмітрый Мядзведзеў намякнуў, што гэтыя словы падобныя да шантажу, і прыгразіў павысіць кошты на газ краінам, якія выйдуць з ЕАЭС.

Топ-5: навіны 7 сакавіка
Скрыншот: "Беларусь-1"

На Дзень незалежнасці ў 2014 годзе ў Мінску рыхтаваўся тэракт. Аднак хлопца з тратылам у заплечніку затрымалі міліцыянеры. Гэтую сенсацыйную інфармацыю 6 сакавіка паведаміў тэлеканал "Беларусь 1".

У рэпартажы пад назвай "Звонок другу" распавядалася пра нядаўнія несанкцыянаваныя вулічныя акцыі супраць дэкрэту аб дармаедах. Аўтары сюжэта сцвярджалі, што масавыя мітынгі арганізаваў Мікалай Статкевіч, які хоча выкарыстаць людзей у сваіх мэтах. Акрамя таго, журналісты палохалі тэлегледачоў анархістамі і "Правым сектарам".

Тым часам, наш карэспандэнт Павел Свярдлоў праверыў некаторыя гучныя заявы, зробленыя ў тэлесюжэце, і знайшоў шэраг несупадзенняў. 

Топ-5: навіны 7 сакавіка

Зянон Пазняк заявіў, што ад яго імя з фэйкавай старонкі ў сацыяльных сетках заклікаюць прыходзіць на плошчу 25 сакавіка. Пазняк лічыць, што яго імем карыстаюцца, каб прыцягнуць людзей на плошчу.

Палітык папярэджвае, каб людзі, якія прыйдуць на плошчу, не паддаваліся на заклікі нешта граміць ці ставіць намёты. На яго думку, яшчэ не прыйшоў для гэтага час. Бо людзі, якія выходзяць на пратэсты, не арганізаваныя. А калі будзе нейкая правакацыя, то ўлады атрымаюць магчымасць разграміць гэты рух на самым пачатку, і ён знікне.

Топ-5: навіны 7 сакавіка
Здымак з архіву. Фота: bryansktoday.ru

У Вілейцы пакаралі рабочых, якія рабілі “ямачны рамонт” у лужыне на дарозе. Ім абвесцілі дысцыплінарныя вымовы, а некаторых нават пазбавілі прэміі.

У мясцовым райвыканкаме Еўрарадыё патлумачылі, што насамрэч рабілі дарожныя рабочыя. Відэа, на якім працаўнікі сыпалі нейкі матэрыял адразу ў лужыну, напярэдадні з'явілася на партале YouTube і выклікала шырокі рэзананс. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі