Сёння памёр кампазітар Сяргей Картэс, народны артыст Беларусі

Сёння памёр кампазітар Сяргей Картэс, народны артыст Беларусі

26 чэрвеня на 82-м годзе жыцця памёр народны артыст Беларусі, кампазітар Сяргей Картэс. Пра гэта ўвечары ў сацсетках паведаміў сын кампазітара — таксама Сяргей Картэс, паведамляе БелаПАН.

Бацька Сяргея Картэса — чыліец, маці — эмігрантка з савецкай Расіі. Будучы кампазітар нарадзіўся 18 лютага 1935 года. Першыя 20 гадоў жыцця ён правёў у Аргенціне. У 1947 годзе яго сям'я падала прашэнне пра савецкім грамадзянстве. У СССР сям'я Картэсаў пераехала толькі ў 1955 годзе. Ім прызначылі месцам пражывання Мінск, тут Сяргей Картэс скончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю па класе кампазіцыі прафесара Багатырова.

Картэс стаў аўтарам музыкі да разнастайных спектакляў, якія ішлі ў Купалаўскім, Рускім, Моладзевым тэатрах, а таксама ў Тэатры юнага гледача і Коласаўскім тэатры ў Віцебску. Ён таксама аўтар музыкі да многіх кінафільмаў, у ліку якіх, напрыклад, "Чорны замак Альшанскі".

Кампазітар напісаў пяць операў — "Джардана Бруна", "Матухна Кураж", "Візіт дамы", а таксама аднаактавыя "Юбілей" і "Мядзведзь" паводле твораў Антона Чэхава.

З 1991 года Сяргей Картэс быў дырэктарам Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Беларусі і мастацкім кіраўніком оперы, з 1996 па 2002 год кіраваў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатрам оперы.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі