Сярэдзіч: Аляксандр Рыгоравіч у пакутных пошуках

Сярэдзіч: Аляксандр Рыгоравіч у пакутных пошуках

Галоўны рэдактар газеты "Народная воля" Іосіф Сярэдзіч, як і абяцаў, у сённяшнім нумары газеты напісаў пра свае ўражанні ад учорашняй сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Нямала падрабязнасцяў пра яе трапілі ў СМІ яшчэ ўчора. Гаворка ішла пра палітычную і эканамічную сітуацыю ў Беларусі, што нельга дапусціць, каб "палыхнула ў нашай краіне". Лукашэнка паабяцаў, што не будзе дыскрымінацыі рэгіянальных недзяржаўных СМІ, якія не могуць распаўсюджвацца праз кіёскі, іх не ўключаюць у падпісныя каталогі. Кіраўнік дзяржавы заявіў, што Беларусь і Расія вырашылі газавае пытанне.

У сённяшняй публікацыі Сярэдзіча няшмат новага пра сустрэчу, але ёсць і цікавыя моманты. Гаворка ішла праз прызму неабходнасці захаваць незалежнасць беларускай дзяржавы. Галоўны рэдактар "Народнай волі" падкрэслівае, што сёння не ўсё залежыць ад Лукашэнкі: "Адзін у полі не воін". Ён піша, што "сваё слова павінен сказаць народ, і толькі агульныя высілкі могуць даць станоўчы плён".

Іосіф Сярэдзіч адзначае, што ў выступленнях Аляксандра Лукашэнкі ўсё часцей сталі гучаць словы пра яго будучы сыход ад улады. "Але змена ўлады павінна адбыцца не праз крывавы майдан, не праз грамадзянскую калатнечу і не праз страту нашага самага найвялікшага здабытку — Незалежнасці, — піша Сярэдзіч. — Адчуваецца, ён хоча перадаць краіну ў другія рукі не разваленую, не са знішчанай эканомікай і жабрацкім дабрабытам людзей, а жыццядзейную, спакойную, суверэнную. Мірна, дэмакратычна, цывілізавана, а не праз барыкады і закалоты".

Паводле Іосіфа Сярэдзіча, ён размаўляў з Аляксандрам Лукашэнкам пра "канкрэтныя варыянты магчымага агульнанацыянальнага дыялогу" (напрыклад, арганізацыя "Нацыянальнага круглага стала"). Як аднёсся кіраўнік дзяржавы да такой прапановы, дакладна невядома. Аднак Лукашэнка "звярнуў увагу на тое, што наступіў час перагляду некаторых артыкулаў Канстытуцыі". Што маецца на ўвазе, Сярэдзіч не ўдакладніў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі