Сярэдні чэк беларуса ў крамах Вільні ― ад 140 да 250 еўра

У 2014 годзе ў Літве пабывала 468 тысяч беларусаў. Зразумела, што большасць з іх не толькі наведвала музеі і гарадскія славутасці, але і прайшлася па крамах.

Кіраўнік віленскага гандлёва-забаўляльнага комплекса “Акропаліс” Чэславас Урбанавічус у інтэрв’ю Deutsche Welle распавёў, колькі беларусаў звычайна наведваюць цэнтр:

“Доля прадстаўнікоў краін СНД складае ў нас каля 5% усіх наведвальнікаў. Большасць з іх ― госці з Беларусі. Кожны беларус траціць на пакупкі і паслугі ў сярэднім ад 200 да 250 еўра”.

Генеральны дырэктар гандлёвага цэнтра “Озас” Інга Навіцкайтэ кажа, што доля беларускіх пакупнікоў у іх складае 7-8%. Сярод замежнікаў амаль 87% ― госці з Беларусі. А сярэдні чэк складае ад 140 да 160 еўра.

Прычынай такой высокай долі пакупнікоў з Беларусі, мяркуюць кіраўнікі гандлёвых цэнтраў, стала павелічэнне колькасці рускамоўных супрацоўнікаў і наладжаны рух маршрутных таксі з аўтобусных і чыгуначных вакзалаў.

Разам з тым дырэктар сеткі гандлёвых цэнтраў Akropolis LT Рэмігіюс Вейкалас дадае, што ў апошні час колькасць пакупнікоў з нашай краіны пачала зніжацца:

“У мінулым годзе колькасць пакупнікоў з Расіі зменшылася на траціну, з Беларусі ― на чвэрць”, ― цытуе словы дырэктара Deutsche Welle.

На думку Вейкаласа, прычынай стала дэвальвацыя ў Беларусі і Расіі.

Разам з тым, беларусы пачалі вяртаць больш tax free. Па дадзеных Global Blue Lietuva, якая займаецца паслугамі па вяртанні ПДВ у Літве, колькасць заявак беларусаў у параўнанні з мінулым годам вырасла на 5%.

“Беларусы часцей за ўсіх карыстаюцца паслугай па вяртанні падатку на даданую вартасць (ПДВ), ― распавядае дырэктар кампаніі Global Blue Lietuva Дэнісас Грынявічус. ― У 2014 годзе амаль 74% ад агульнай колькасці заявак па вяртанні ПДВ прыйшлася на беларусаў, больш за 18 працэнтаў ― на расіян. Госці з Беларусі робяць пакупкі ў сярэднім на суму ў 149 еўра, расіяне ― на 200 еўра”.

Фота: dcg.lt, lrytas.lt, sc.bns.lt

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі