Вы тут

Супрацоўніка службы адлову асудзілі за жорсткае абыходжанне з жывёлай

Фота: TUT.by

Супрацоўніка службы адлову мінскага прадпрыемства “Фаўна горада” прызналі вінаватым у жорсткім абыходжанні з жывёлай. Такое рашэнне 1 лістапада вынес суд Фрунзенскага раёна.

Мужчына вінаваты ў адміністратыўным правапарушэнні паводле арт.15.45 КаАП (жорсткае абыходжанне з жывёлай, якое пацягнула за сабой яе гібель). Цяпер супрацоўнік “Фаўны” павінен выплаціць штраф у 231 рубель, піша TUT.by.

Інцыдэнт, які стаў падставай для судовага разбору, адбыўся 1 верасня ля жылога дома ў сталічным мікрараёне Сухарава. Служба адлову бяздомных жывёл прыехала па заяўцы ад старшыні таварыства ўласнікаў дома — была скарга на зграю сабак, якая бадзялася па ваколіцах.

Падчас адлову быў застрэлены мясцовы сабака па мянушцы Мармышка, які быў пад апекай жыхароў дома і насіў аброжак. Паводле сведак здарэння, супрацоўнік “Фаўны” страляў па жывёле з прылады, якая павінна знерухоміць сабаку, аднак жывёла некалькі хвілінаў білася ў канвульсіях на вачах у людзей з суседніх дамоў, а потым яе закінулі ў машыну і звезлі.

Сведкі і зоаабаронцы давялі ў судзе, што служба адлову страляла па сабаку недазволеным для такіх аперацыяў прэпаратам і гэта стала прычынай гібелі жывёлы. У якасці доказаў былі выкарыстаныя запісы з камер відэаназірання.

Прызнаны вінаватым мужчына сказаў, што не будзе абскарджваць рашэнне суда.

Новости других медиа
Загрузка...
Загрузка...

Галоўнае

Выбар рэдакцыі