Суд не дазволіў гамяльчаніну судзіцца з кіраўніком аблвыканкама

Гомельскі абласны суд 30 ліпеня адмовіў Аляксандру Транкунову у іску супраць Уладзіміра Дворніка — кіраўніка Гомельскага аблвыканкама.

Гамяльчанін лічыць, што галоўны чыноўнік вобласці бяздзейнічае і не прыцягвае да адказнасці кіраўніка прадпрыемства “Гомельліфт”, дзе мужчына некалі працаваў. У доказ сваёй пазіцыі ён прыводзіць пяць пастановаў суда, дзе зафіксаваны парушэнні заканадаўства, якія дапускаў дырэктар прадпрыемства.  На думку Транкунова, менавіта Уладзімір Дворнік, як кіраўнік выканаўчай улады, павінен быў разабрацца з парушэннямі і бяздзеяннем выканаўчай улады.

Пракуратура правярае Гомельскі аблвыканкам наконт "непрыняцця мер" (гісторыя Транкунова)

Канфлікт Транкунова з “Гомельліфтом” распачаўся яшчэ ў 2009-м. Мужчына працаваў на прадпрыемстве майстрам. Ён не паладзіў з начальствам і быў звольнены. Тады пакрыўджаны грамадзянін пачаў звяртацца ў суды і дамогся рашэння, што з ім паступілі незаконна. “Гомельліфт” сплаціў Транкунову кампенсацыю і ўзнавіў на ранейшай пасадзе. Праўда, па словах Аляксандра, да працы яго не дапусцілі, і праз нейкі час зноў звольнілі, бо ён не захацеў пераводзіцца на кантрактную сістэму.

Цягам больш як пяці год мужчына вядзе юрыдычную барацьбу за тое, каб даказаць сваю праўду. Пры гэтым былы супрацоўнік “Гомельліфта” сцвярджае, што змагаецца для таго, каб іншыя шараговыя грамадзяне не сутыкаліся з такімі ж самымі праблемамі і з імі лічыліся кіраўнікі ўсіх узроўняў.

Транкуноў аналізуе, што суды розных інстанцый і іншыя праваахоўныя ведамствы пастаянна прымалі супярэчлівыя рашэнні. Калі раённы суд адмаўляўся задаволіць патрабаванні гамяльчаніна, то абласны — прызнаваў тое рашэнне незаконным. А міліцыя ў сваю чаргу на рашэнні суда, як лічыць Транкуноў, увагі не звяртала. Як быццам таго рашэння не было. Гісторыя пастаянна круцілася па адным і тым жа коле.

“Пастановы міліцыі, якіх было каля дзесяці, прызнаны незаконнымі. Але ў МУС рашэнні суда не заўважалі. Старшыня Гомельскага аблвыканкама разбірацца з праблемай не стаў, — абураецца Транкуноў. — Ідзе цяганіна. Сістэма працуе дзеля працы, але не на вынік. Штрафы ад парушальнікаў у бюджэт не трапляюць. У год прэзідэнцкіх выбараў улада паставіла пэўныя задачы. Але яны не выконваюцца, бо некаторыя органы ўлады працуюць ухаластую. Гэта падрывае да іх давер”.

Гамяльчук лічыць, што апошняе рашэнне абласнога суда — гэта насмешка з яго:

“Раней абласны суд ужо прызнаваў вызначэнне раённага суда не разглядаць справу супраць Дворніка незаконным. Але ў другі раз такое самае вызначэнне яны падтрымалі. Гэта нагадвае гульню: робяць бачнасць, што працуюць, а выніку няма”. 

Фота ktovkurse.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі