Суд над Анатолем Лябедзькам адменены

Суд над ўдзельнікамі пікету 11 студзеня ля французскай амбасады ў Мінску адменены. Паседжанне, якое павінна было адбыцца 4 лютага ў судзе Цэнтральнага раёна сталіцы, не адбудзецца. Пра гэта паведаміла прэс-служба Вярхоўнага суда.

4 лютага мусілі разглядаць адміністратыўныя справы ў дачыненні да лідара АГП Анатоля Лябедзькі, намесніка старшыні “Зялёных” Дзмітрыя Кучука і Паўла Канавальчыка. Яны прыйшлі да амбасады Францыі з плакатамі “Я — Шарлі”, каб далучыцца да сусветнай хвалі салідарнасці з расстралянымі супрацоўнікамі парыжскага часопісу. Удзельнікаў акцыі затрымалі і склалі на іх пратаколы.

Але 29-га студзеня падчас прэс-канферэнцыі Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанне журналісткі  BBC Таццяны Мельнічук, наўпрост назваў праваахоўнікаў, якія затрымлівалі людзей ля амбасады, “ідыётамі”. Тыя на наступны дзень складна адрэагавалі, маўляў, Лябедзька і кампанія пікет праводзілі незаконны, парушалі закон і не рэагавалі на заўвагі міліцыянера. Аднак суд усё адно адмянілі. Цікавімся ў Анатоля Лябедзькі, як ён успрыняў навіну.  

“З аднаго боку, мне агідна, з другога — і прыемна, канешне. Таму што такіх сітуацый, калі ўлада адыходзіць назад, на маёй практыцы не ўзгадваецца, — кажа Лябедзька. — Але гэта сведчыць толькі пра адно: у нас тэлефоннае права, нашы законы ў любы момант можна накіраваць у любым накірунку”.

Паведамленне пра адменены суд прымацавалі прама на дзверы кватэры Анатоля Лябедзькі.

“Прыйшла каманда, і людзі, відаць, кінулі дзясяткі спраў і пачалі рэалізоваць рашэнне Аляксандра Рыгоравіча. І суд, які мне, напэўна, прысудзіў бы суткі на Акрэсціна, раптам кажа, што гэта няправільна. І міліцыянты трапілі ў няёмкае становішча, хоць Ластоўскі, калі рабіў свой прэс-рэліз, як мінімум двойчы схлусіў. Напрыклад, ніякі міліцыянт з будынку Амбасады не рабіў нам папярэджанняў, такога факту нават не зафіксавана ў матэрыялах справы. Таму ўсё гэта (палітык мае на ўвазе і рэакцыю міліцыі на пікет, і рэакцыю прэзідэнта, — Еўрарадыё) — несапраўднае, ліпавае, працуе супраць чалавека”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі