Стваральнік графіці “Мінск-Масква”: Мы здзіўленыя негатыўным стаўленнем да Расіі

Стваральнік графіці “Мінск-Масква”: Мы здзіўленыя негатыўным стаўленнем да Расіі

Графіці на жылым доме №32 па вуліцы Магілёўскай у Мінску некалькі дзён актыўна абмяркоўваецца. У сацсетках большасць меркаванняў — негатыўныя. Працавала над малюнкам з хлопчыкам і дзяўчынкай, якія адлюстроўваюць цёплыя адносіны паміж Мінскам і Масквой, расійская кампанія Novatek Art. Іх старонка ў Facebook заваленая гнеўнымі і абразлівымі выказваннямі. Еўрарадыё размаўляе з дырэктарам кампаніі Іванам Панцялеевым пра стварэнне карціны і яго стаўленне да рэакцыі беларусаў.

Еўрарадыё: Ці чакалі вы такой рэакцыі мінчан, калі пачыналі працу?

Іван Панцялееў: Калі вы пра рэакцыю ў сацыяльных сетках, то, натуральна, мы такой рэакцыі не чакалі. Мы працуем з 2011 года, зрабілі каля 700 аб’ектаў, уваходзім у Кнігу рэкордаў Гінеса Расіі за самы вялікі аб’ект, але такога рэзанансу ні адна наша праца не выклікала, як са знакам плюс, так і са знакам мінус.

Еўрарадыё: Пад адным з каментарыяў на сваёй старонцы вы напісалі, што было некалькі эскізаў, але ўхвалілі толькі адзін. Што было на іншых?

Іван Панцялей: Мы звычайна рыхтуем некалькі эскізаў для кожнага праекта, каб быў выбар. Замоўца сам прымае рашэнне, які эскіз абраць, дае нам яго на дапрацоўку, ці якія яшчэ каментарыі дае. Таму ў гэтым сэнсе мы арыентуемся на меркаванне замоўцы. Для Мінска былі падрыхтаваныя тры камплекты эскізаў, яны не былі падобныя адзін на адзін, яны розныя былі.

Еўрарадыё: А паказаць іх можаце?

Іван Панцялееў: Калі гэта вам трэба, каб зразумець, на што мы здольныя, то ў нас ёсць партфоліа. Я не сцвярджаю, што яно дрэннае ці добрае. За сваю гісторыю мы рабілі шмат праектаў і па афармленні і арт-праектаў, і рэкламных праектаў. Таму тое, на што мы здольныя, пакажа партфоліа. А наконт эскізаў я каментаваць, на жаль, ужо не магу, бо яны ўжо належаць не нам, а замоўцу. То бок правы на выкарыстанне эскізаў ужо перайшлі маскоўскаму ўраду, і я не магу з імі нешта рабіць, ці апублікоўваць.

Еўрарадыё: Калі ваш замоўца — маскоўскі ўрад, то менавіта ён і вырашаў, што будзе намаляванае на доме ў Мінску, так?

Іван Панцялееў: Ведаеце, не магу сказаць. То бок эскізы мы давалі маскоўскаму ўраду, а вось, ці раіліся яны з мінскім бокам наконт таго, што будзе намаляванае, я не ведаю.

Еўрарадыё: Пасля такога рэзанансу ці пагодзіцеся яшчэ раз працаваць у Мінску, ці хопіць і першай спробы?

Іван Панцялееў: Ды не, мы з задавальненнем! Глядзіце, каментарыі ў сацсетках былі тады, калі праца была яшчэ не скончаная, мастацкі працэс яшчэ ішоў, а я лічу, што працу трэба ацэньваць не падчас стварэння, а калі яна канчаткова зробленая. А так, атрымліваецца, што нехта там пісаў пра вусны белыя ды іншыя падобныя рэчы. Я б з задавальненнем паслухаў меркаванне людзей цяпер, калі праца скончаная. Я, як прафесіянал у гэтай справе, не падзяляю агульнага негатыўнага настрою і мастацкай недасканаласці гэтай працы. Я не магу прыняць такія меркаванні, што гэта жудасна выглядае, бо насамрэч — даволі годна.

Насамрэч, задачу, якая перад намі стаяла, мы вырашылі. Але у мяне склалася такое меркаванне, што карані негатыўнага стаўлення да гэтай працы — ў сур’ёзнай ступені ў нейкім такім негатыўным стаўленні да Расіі. Я чытаў каментарыі, і для мяне гэта было дзіўна. Сярод тых людзей, якім не спадабалася гэтая праца, на дзіва, было вельмі шмат антырасійскіх каментарыяў. Такія нацыяналістычныя плыні. Гэтага мы не ўлічвалі, шчыра кажучы. У Расіі наадварот да Беларусі стаўленне, як да братэрскай дзяржавы, адзіны Мытны саюз, іншыя інтэграцыйныя працэсы… Таму мы былі, шчыра кажучы, здзіўленыя…

Але мы з задавальненнем яшчэ раз папрацуем. Любы праект, асабліва мастацкі праект, — заўсёды пытанне нейкага ўласнага густу. Нават самы выйгрышны праект, які мы рабілі ў Расіі, не абышоўся без негатыўных каментарыяў. Заўсёды знойдзецца чалавек, які скажа, што яму не падабаюцца, напрыклад, вершы Лермантава. А нехта будзе казаць, што яму ў прынцыпе графіці не падабаецца, а падабаецца голая шэрая сцяна, якую ён назіраў 30 гадоў запар. Таму мы прызвычаіліся да такога, гэта нармальна.

Але я бачыў у інтэрнэце нейкія петыцыі наконт гэтай працы, дзе большасць людзей усё ж выказалася “за”. І я разумею, што людзі, якім нешта не падабаецца, больш актыўныя, іх заўсёды лепей чуваць. Калі спадабалася, то наўрад ці ён будзе нешта ў інтэрнэце пісаць, а калі не спадабалася, то абавязкова напіша і ўздыме шум.

Еўрарадыё: Будзе шкада, калі вашу працу раптам зафарбуюць?

Іван Панцялееў: Кожны праект нам дарагі, гэта натуральна. За ўсю нашу больш чым пяцігадовую гісторыю зафарбаваныя працы можна пералічыць па пальцах адной рукі. Заўсёды гэта вельмі сумна. Але з іншага боку, вулічнае мастацтва не павінна быць вечным. Праца з’яўляецца, вісіць некалькі гадоў, потым у яе фарба пачынае сыходзіць ці проста патрабуецца нейкае аднаўленне… Гэта натуральнае развіццё вулічнага мастацтва. Праца некалькі гадоў павісела, і на яе месцы з’явілася нешта іншае.

Ведаеце, я так паглядзеў у інтэрнэце, пачытаў, і зразумеў, што ў Мінску даволі напружаныя стасункі з графіці. Шмат было петыцый і наконт прац, якія станоўча грамадства ўспрыняло, і наконт прац, якія адмоўна ўспрынялі. Мне вельмі спадабалася, як нехта напісаў, маўляў, давайце прымем петыцыю, каб больш не было петыцый пра графіці. Я так зразумеў, што ў вас там свая спецыфіка на гэты конт.

Я яшчэ чытаў, што ў вас мусіў працаваць казанскі мастак Рустам К’юбік, можа, нават на гэтай жа сцяне. Я Рустама добра ведаю, мы з ім рабілі разам праекты. Але мы не ведалі, што ён планаваў, і ведаць пра гэта не маглі. Таму я дапускаю такі момант, што сцяна была аддадзеная пад працу пэўнага мастака, а потым яго знялі і на гэтую сцяну прыйшлі працаваць мы… Напэўна, для людзей гэта таксама непрыемна. І мне было б непрыемна, калі б я рабіў праект, а потым прыйшлі іншыя і перамалёўвалі. Гэта такія рэчы, якія мы ўлічыць не маглі, бо не ведалі, але на будучыню будзем глыбей пагружацца ў вашу мясцовую спецыфіку.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі