Старшыню Ждановіцкага сельскага выканкама падазраюць у карупцыі

Старшыню Ждановіцкага сельскага выканкама падазраюць у карупцыі

Старшыню Ждановіцкага сельскага выканкама падазраюць у карупцыі. Як інфармуе начальнік упраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі УУС Мінскага аблвыканкама Уладзімір Емельянаў, па факце злоўжывання ўладай і службовымі паўнамоцтвамі распачатая крымінальная справа.

Старшыню падазраюць у тым, што ў 2006-2013 гадах яна за грошы рэгістравала грамадзян па месцы свайго пражывання. Пасля яны атрымлівалі магчымасць станавіцца на ўлік для паляпшэння жыллёвых умоў і ўжо мелі права будаваць кватэры з прыцягненнем ільготных крэдытаў або атрымліваць у карыстанне зямельныя ўчасткі па ільготных коштах без аплаты кадастравага кошту. Адзначаецца, што будаўніцтва кватэр, таксама як і прадастаўленне зямельных участкаў, ажыццяўлялася на тэрыторыі Ждановіцкага сельсавета.

Следства мае інфармацыю пра чатырох чалавек, якія "пры небясплатным садзейнічанні" старшыні сельскага выканкама незаконным чынам палепшылі свае жыллёвыя ўмовы. Аднак ёсць падставы меркаваць, што такіх людзей будзе значна больш — некалькі дзясяткаў. Праверачна-аператыўныя мерапрыемствы працягваюцца.

Пакуль гаворка ідзе пра больш за 30 тысяч долараў ЗША страт, якія былі нанесены дзяржаве з-за розніцы кадастравага кошту зямельных участкаў. Высвятляюцца сумы ўзнагароджванняў, якія атрымлівала старшыня.

"Наша ніва" адзначае, што папярэднік цяперашняй старшыні на пасадзе кіраўніка Ждановіцкага сельвыканкама таксама быў фігурантам карупцыйнага расследавання. Яго адхілілі ад пасады, але ў турме ўрэшце аказалася яго падначаленая, якая нібыта ставіла пячаткі без ведама шэфа. Тады гаворка ішла пра выдзяленне ўчасткаў без законных на тое падстаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі