"Справядлівы свет" хоча перафарматаваць апазіцыю

У Мінску праходзіць XVIII справаздачна-выбарны з'езд Беларускай партыі левых "Справядлівы свет". Старшыня партыі Сяргей Калякін ад імя Цэнтральнага камітэта заявіў, што "наспела неабходнасць радыкальнага перафарматавання існуючых у апазіцыі каардынацыйных структур".

Палітык згадаў так званую "сямёрку", якая каардынавала дзеянні апазіцыйных арганізацыяў і партыяў. Акрамя партыі "Справядлівы свет" у яе ўваходзяць Аб'яднаная грамадзянская партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Партыя БНФ, аргкамітэт партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя", рух "За Свабоду" і кампанія "Гавары праўду". Па словах Калякіна, якія перадае БелаПАН, за апошнія гады ў "сямёрцы" не было сур'ёзных дасягненняў, у тым ліку безвынікова скончыліся амаль гадавыя перамовы наконт сумесных дзеянняў апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года.

Калякін адзначыў, што агульны стан спраў у палітычнай апазіцыі сёння горшы, чым чатыры гады таму. Па яго словах, пасля драматычных падзей снежня 2010 года моцна знізіўся ўзровень даверу ўнутры апазіцыі. Фактычна адсутнічае адзінае бачанне шляхоў руху да дэмакратычнай Беларусі.

Лідар партыі левых лічыць непрымальным, што ад імя апазіцыі ўнутры краіны і за яе межамі гаворыць "сямёрка", дзе колькасна пераважаюць правыя партыі. На яго думку, гэта "не адлюстроўвае рэальнага раскладу сіл на апазіцыйным палітычным полі".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі