Sounduk выдаў падвойны беларуска-рускі альбом "Сом" (аўдыё)

Sounduk выдаў падвойны беларуска-рускі альбом "Сом" (аўдыё)

16 красавіка ў Цэнтральным Доме афіцэраў у Мінску гурт Sounduk на чале з Ганнай Хітрык прэзентуе свой новы альбом "Сом". Незвычайнасць кружэлкі ў тым, што яна падвойная: складаецца з двух дыскаў — на беларускай і рускай мовах.


"Альбом дзіўны, у нас такога яшчэ не было, — смяецца Ганна Хітрык. — Але гэта не выпяндрож. Мы проста не здолелі іх аб'яднаць, бо ў іншым выпадку атрымлівалася па-дурному, як руска-англійскі слоўнік. Калі мне падавалася, што рускамоўныя песні ў нас атрымліваліся больш пазітыўнымі, а ў беларускіх было больш лірыкі і нават драмы. Цяпер яны памяняліся месцамі. І ўвогуле, вельмі сур'ёзны альбом атрымаўся".

 

Па словах Ганны, альбом склалі 16 песень, створаных цягам апошніх трох гадоў. Многія з іх напісаныя пад уплывам сітуацыі, у якой апынулася сям'я спявачкі: яе сыну Сцяпану паставілі дыягназ аўтызм:


"Магчыма, пазітыву і мала, але я не спяваю, што мы ўсе памрэм. Ёсць песні, якія я першапачаткова прысвяціла Сцёпу, а цяпер спяваю ў падтрымку ўсім бацькам, якія сутыкнуліся з такой жа праблемай. Ёсць песня "Песок", такі ўвогуле эксперымент, такі "хітрыкаўскі рэп" — я там не спяваю, не хацелася прыдумляць мелодыю, там проста маналог пад музыку. Беларускія песні напісаныя на вершы Касі Глухоўскай... Карацей, вельмі шмат роздумаў у гэтым альбоме..."

Першая частка канцэрта 16 красавіка будзе прысвечаная новаму альбому — для яе здымаецца адмысловы відэашэраг, у другой гледачы пачуюць хіты каманды.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі