Сотні сем’яў у Гродне паўгода не могуць заехаць у свае кватэры

Сотні сем’яў у Гродне паўгода не могуць заехаць у свае кватэры

Шматпавярховік на сто кватэр на Агінскага, 27 будаваўся, як сацыяльнае жыллё. Кватэр чакаюць шматдзетныя сем’і, сем’і з двума дзецьмі і льготнікі, якія па 10 гадоў пражылі ў інтэрнатах ці на здымных кватэрах. Заявы канкрэтна на гэты будынак пісаліся вясной 2015-га года.

Тым не менш, ужо паўгода будынак не могуць здаць, а патэнцыйныя ўладальнікі кватэр, якія планавалі тут як мінімум сустрэць Новы год, дагэтуль сядзяць на валізках.

Даведзеныя да адчаю людзі вымушаныя збірацца на стыхійныя сходы ды запрашаць журналістаў “каб улады пачулі”. Пра сітуацыю распавядае патэнцыйная ўладальніца адной з кватэр Ірына Панасік:

“Канкрэтна гэты дом мусіў быць здадзены 31 жніўня, але тэрміны былі перанесеныя спачатку на лістапад, пасля — на снежань. Як нам было сказана ў выканкаме, з-за адсутнасці фінансавання. У канцы снежня мы тэлефанавалі ва Упраўленне капітальнага будаўніцтва, нам нават назвалі канчатковы кошт за квадратны метр. А ў студзені апынулася, што ўсе нас адпраўляюць адно да аднаго: у міністэрстве кажуць, што грошы выдзеленыя, у выканкаме — што грошаў няма, ва Упраўленні капітальнага будаўніцтва кажуць, што чакаюць аплаты, але фінансавання няма”.

Такім чынам, людзі хочуць ведаць, калі дамы будуць уведзеныя ў эксплуатацыю і ці будзе зменены кошт квадратнага метра? Першапачаткова метр дома з аддзелкай каштаваў 6,8 мільёна, то бок трохпакаёвая кватэра — 100-120 мільёнаў. Наколькі будзе праіндэксаваны кошт, ніхто не ведае. 
Яшчэ адна прычына для хвалявання, гэта папраўкі да 215 артыкула жыллёвага Кодэкса, якія набываюць моц 1 сакавіка. Згодна з імі, льготнікі перастаюць быць пазачарговымі кандыдатамі на кватэры, такім чынам, і спісы кандыдатаў на жыллё будуць пераглядацца.

Сям’я Жанны і Уладзіміра Крывашяў стаіць у чарзе на кватэру з 2007-га года, агулам жа яны з мужам пражылі ў інтэрнаце дзесяць гадоў. Распавядае Жанна, маладая маці:

Мне неаднаразова казалі, што адваротнай сілы ў закона няма. Але і гарантый ніхто не дае, што нас не выкінуць з гэтых спісаў 1 сакавіка. Хочацца, каб сказалі канкрэтна, а не трымалі народ за дурняў. Або мы атрымліваем, або не атрымліваем, таму што мы сядзім і чакаем, як на парахавой бочцы”.

Шмат хто з бацькоў, якія разлічвалі заехаць у новыя кватэры яшчэ летась у жніўні, паспелі аддаць сваіх дзяцей у садкі ды школы на Альшанцы. Цяпер жа дзяцей трэба вазіць праз увесь горад: Альшанка ці не самы аддалены ад цэнтра мікрараён у Гродне.

За апошні час людзі ўжо звярталіся і ў Камітэт Дзяржкантролю, і ў Міністэрства фінансаў, і ў Адміністрацыю прэзідэнта, не кажучы ўжо пра мясцовыя інстанцыі. Паўсюль, аднак, сутыкаліся з замкнёным бюракратычным колам: лісты і звароты перанакіроўваюцца з адной структуры ў іншую.
Бянтэжыць таксама той факт, што ніхто з прэтэндэнтаў на кватэры пакуль не мае ключоў ды нават не ведае, дзе менавіта яго кватэра. Крэдытная лінія пакуль таксама не адкрытая, а спісы жыльцоў улады ўжо называюць “папярэднімі”.

У падобнай сітуацыі аказаліся таксама прэтэндэнты на жыллё ў дамах па Агінскага 21 і 29. А гэта каля 300 сем’яў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі