Скандал: Мюзікл "Ла-Ла Лэнд" не атрымаў "Оскар" за найлепшы фільм года

Скандал: Мюзікл "Ла-Ла Лэнд" не атрымаў "Оскар" за найлепшы фільм года

У Лос-Анджэлесе ў тэатры Dolby Theatre адбылася цырымонія ўручэння прэстыжнай кінапрэміі "Оскар", у 89-ы раз. Узнагарода кінаакадэміі ЗША уручалася ў 24 катэгорыях. Кожны з пераможцаў атрымаў статуэтку — фігурку ўзброенага рыцара, які стаіць на кінаплёнцы.

Яшчэ напярэдадні лічылася, што мюзікл "Ла-Ла Лэнд" стане абсалютным пераможцам. Аднак так не сталася. У некалькіх намінацыях (а іх было 14) мюзікл прайграў, але галоўнае расчараванне для стваральнікаў "Ла-Ла Лэнда" — арганізатары назвалі іх фільм найлепшым фільмам года, выклікалі на сцэну, пачалася прамова, а пасля папрасілі прабачэння за памылку. Насамрэч найлепшым фільмам года стала "Месячнае святло"!

32-гадовы Дэм'ен Шазэл атрымаў "Оскар" за рэжысуру — фільм "Ла-Ла Лэнд" (ён — самы малады рэжысёр у гісторыі кінапрэміі).

Скандал: Мюзікл "Ла-Ла Лэнд" не атрымаў "Оскар" за найлепшы фільм года
Дэм'ен Шазэл. Фота: АР

Эма Стоўн атрымала "Оскар" за найлепшую галоўную жаночую ролю (фільм "Ла-Ла Лэнд"). У намінацыі "Найлепшая песня" перамагла кампазіцыя з "Ла-Ла Лэнда". "Оскар" атрымаў кампазітар Джасцін Гурвіц за той жа мюзікл. "Ла-Ла Лэнд" узяў таксама намінацыю за лепшую аператарскую працу, быў адзначаны Лінус Сандгрэн. "Ла-Ла Лэнд" быў адзначаны і за найлепшую працу мастака-пастаноўшчыка.

Скандал: Мюзікл "Ла-Ла Лэнд" не атрымаў "Оскар" за найлепшы фільм года
Эма Стоўн. Фота: Reuters

"Оскар" за найлепшую мужчынскую ролю атрымаў Кейсі Афлек, які выканаў галоўную ролю ў фільме "Манчэстар каля мора". Крыху раней "Оскар" атрымаў Кенэт Ланэрган, які напісаў "найлепшы арыгінальны сцэнар" (той жа фільм "Манчэстар каля мора"). Найлепшым адаптаваным сцэнаром прызналі працу Бары Джэнкінса і Тарэл Элвін МакКрэйні (фільм "Месячнае святло").

"Оскар" за найлепшы замежны фільм атрымаў іранскі "Комівояджэр" рэжысёра Асгара Фархадзі. Як інфармуе "Бі-Бі-Сі", ён і іранская актрыса Таранэ Алідусці, якая выканала галоўную ролю, на цырымонію не прыехалі, яны пратэстуюць супраць забароны адміністрацыі Дональда Трампа на выдачу візаў грамадзянам шэрагу мусульманскіх краін. Ліст Фархадзі, у якім ён пра гэта напісаў, быў зачытаны са сцэны і сустрэты залай авацыяй.

Лепшым дакументальным фільмам стаў "О. Джэй: Зроблена ў Амерыцы". У ім на працягу 7 гадзінаў распавядаецца гісторыя гульца ў амерыканскі футбол, якога абвінавацілі ў забойстве жонкі. Лепшым анімацыйным фільмам назвалі "Звераполіс". Прыз за лепшы гук атрымала карціна "Прыбыццё", а за лепшы гукавы мантаж — фільм "З меркаванняў сумлення". Раней меркавалася, што гэтыя дзве апошнія статуэткі дастануцца "Ла-Ла Лэнду". Мюзікл прайграў і барацьбу ў намінацыі за найлепшы дызайн касцюмаў, перамогу святкаваў фільм "Фантастычныя пачвары і дзе яны жывуць". У намінацыі за лепшы грым і прычоскі перамог фільм "Атрад самазабойцаў". Грымёры прысвяцілі свой поспех "імігрантам".

"Оскар" за лепшую мужчынскую ролю другога плана атрымаў Махершала Алі (фільм "Месячнае святло"), за лепшую жаночую ролю другога плана статуэтку атрымала Віёла Дэвіс (фільм "Агароджы").

Быў узнагароджаны кароткаметражны мультфільм "Пясочнік" рэжысёра Алана Барылара. Найлепшым кароткаметражным фільмам прызналі 40-хвілінную стужку "Белыя шлемы" (пра вайну ў Сірыі) рэжысёра Арланда фон Айнсідэла. "Оскар" за найлепшы кароткаметражны гульнявы фільм атрымаў венгерскі рэжысёр Крыстаф Дэк (стужка "Спявай"). "Кніга Джунгляў" атрымала "Оскар" у намінацыі "Найлепшыя візуальныя эфекты".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі