СК: Скончана раследванне ў дачыненні да намесніка міністра ЖКГ

СК: Скончана раследванне ў дачыненні да намесніка міністра ЖКГ

Следчы камітэт прад’явіў абвінавачанні намесніку міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Пра гэта паведамляе прэс-служба камітэта.

“Службовай асобе прад’яўлена абвінавачанне ў злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі. Увогуле па гэтай крымінальнай справе прыцягнуты шэсць чалавек, у дачыненні да трох з іх крымінальны пераслед спынены з прычыны акта амністыі”, — гавораць у прэс-службе камітэта.

Паводле інфармацыі, адно з прадпрыемстваў сістэмы міністэрства не выканала дзяржаўную навукова-тэхнічную праграму па распрацоўцы і асваенню вытворчасці тэхналагічнага абсталявання. На гэта ў 2013 годзе неабгрунтавана выдаткоўвалася 861 мільён рублёў бюджэтных сродкаў. А намеснік міністра ЖКГ, жадаючы схаваць факты прычынення шкоды дзяржаўнай маёмасці, арганізаваў складанне і падпісанне заведама фальшывых дакументаў аб выкананні праграмы.

Падчас следства ўсе абвінавачаныя цалкам прызналі сваю віну, раскаяліся і цалкам пакрылі прычыненую шкоду. 

Крымінальная справа ў дачыненні да трох абвінавачаных перададзена пракурору для накіравання ў суд.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі