Швейцарская ЦВК: У нас да 90% выбаршчыкаў галасуюць па пошце

Швейцарская ЦВК: У нас да 90% выбаршчыкаў галасуюць па пошце

Другі дзень у Беларусі ідзе датэрміновае галасаванне. Кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына ў чарговы раз кажа, што гэта звычайная практыка для шмат якіх краін Еўропы. Еўрарадыё высвятляе акалічнасці.

У большасці краін датэрміновае галасаванне прадугледжанае толькі ў выпадках, калі выбаршчык не можа аддаць свой голас у дзень выбараў. Таксама мэта такога галасавання — памяншэнне колькасці выбаршчыкаў на участках у дзень выбараў.

Датэрмінова галасуюць у Германіі, Фінляндыі, Швецыі, Нарвегіі, Швейцарыі, некаторых штатах ЗША. Працэдуры маюць розныя фарматы. Часта адрозніваюцца прынцыпова.

Швейцарская ЦВК: У нас да 90% выбаршчыкаў галасуюць па пошце
Датэрміновае галасаванне ў Германіі. Фота: kleinezeitung.at

Германія, тут трэба зарэгістравацца ў выбарчым офісе па месцы жыхарства за тры (!) тыдні да выбараў. Пасля чаго атрымліваеш так званы дазвол на галасаванне (Wahlbenachrichtigung), які змяшчае адмысловую паштовую форму для галасавання. Яе можна адаслаць па пошце ці ўласна прынесці ў муніцыпальны выбарчы офіс.

У 2008 годзе ў Германіі скасавалі абавязковае прад’яўленне прычыны ўдзелу ў датэрміновым галасаванні. І цяпер кожны выбаршчык можа зрабіць гэта па ўласным жаданні.

У Швецыі датэрміновае галасаванне пачынаецца за тыдзень да дня выбараў. Кожны можа прагаласаваць на любым адмысловым участку, прыстасаваным для гэтага. Яны звычайна месцяцца ў бібліятэках. Да 1998 года некалькі дзесяцігоддзяў яны дзейнічалі ў паштовых аддзяленнях (пасля нарвежская пошта была прыватызаваная). Калі канверты з галасамі не паспяваюць своечасова дайсці да ўчастка, іх перанакіроўваюць у мясцовую адміністрацыю і падлічваюць там.

Датэрміновае галасаванне ёсць і ў Нарвегіі. Колькасць асобаў, якія галасуюць датэрмінова у краіне расце. Падчас усеагульных выбараў 2009 года загадзя прагаласавала 707 489 нарвежцаў, гэта на 200 тысяч больш, чым папярэдні рэкорд, зафіксаваны ў 2001 годзе.

Швейцарская ЦВК: У нас да 90% выбаршчыкаў галасуюць па пошце
Галасаванне на ўчастку ў Санкт Гален. Швейцарыя. Фота: Keystone

У Швейцарыі працэдура галасавання праходзіць інакш. У прэс службе Федэральнай канцылярыі Еўрарадыё распавялі:

“Кожны грамадзянін, які мае права галасаваць, атрымлівае матэрыял для галасавання поштай на дом. Прагаласаваўшы, ён адсылае гэты матэрыял у выбарчы офіс. Кожны сам абірае, адаслаць матэрыял поштай, ці самому прынесці яго ў выбарчы офіс ва ўсеагульны дзень галасавання”, — распавядае прадстаўнік прэс-службы.

У канверце, які атрымлівае кожны выбаршчык, знаходзяцца яшчэ два канверты. У адным з іх — бюлетэнь для галасавання, у другім — дакументы, якія асоба мусіць запоўніць для ідэнтыфікацыі сябе, паставіўшы подпіс. Яны адсылаюцца асобна. І ніхто не можа прасачыць, якім чынам адбылося галасаванне.

Звычайна, паштовае галасаванне ў Швейцарыі пачынаецца за 3-4 тыдні да дня выбараў. І пераважная большасць людзей галасуе менавіта па пошце. Часам колькасць такіх асобаў дасягае 90%. У прэс-службе адзначаюць, што працэдура існуе больш за 20 гадоў і за гэты час не было ніякіх нараканняў.

Але шмат у якіх краінах датэрміновае галасаванне адсутнічае: Францыя, Іспанія, Італія пазбаўленыя такой магчымасці. Там, калі няма магчымасці аддаць свой голас у дзень выбараў, можна зрабіць гэта па пошце. Няма датэрміновага галасавання ў Казахстане, амаль адмовіліся ад яго ў Расіі. У Беларусі ў сярэднім датэрмінова галасуе каля 20-25% выбаршчыкаў.

Галоўнае фота: dradrianheald.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі