Штрафы за неналежную рэкламу лекаў у Беларусі хочуць павялічыць

 Штрафы за неналежную рэкламу лекаў у Беларусі хочуць павялічыць

У 2016 годзе 54% парушэнняў рэкламы былі зафіксаваныя ў інтэрнэце. У мінулым годзе і на пачатку гэтага былі заблакаваныя чатыры сайты, якія прадавалі прэпараты пад выглядам лекавых сродкаў, а таксама два сайты, якія прадавалі бальнічныя лісты, паведаміў tut.by са спасылкай на Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРТ).

Паводле беларускіх законаў, лекі можна прадаваць толькі ў аптэках. Прадаваць іх праз інтэрнэт (нават БАДы) незаконна, заявіла начальнік упраўлення фармацэўтычнай інспекцыі і арганізацыі лекавага забеспячэння Міністэрства аховы здароўя Людміла Равуцкая.

Аднак інтэрнэт застаецца галоўнай крыніцай, дзе распаўсюджваюцца фальшывыя лекі. Часцей за ўсё рэкламуюць сродкі для пахудання і павышэння патэнцыі. Такую рэкламу адсочвае фармацэўтычная інспекцыя і паведамляе пра яе ў МАРТ, або — пра псіхатропныя рэчывы пад выглядам лекаў — у МУС.

У антыманапольным ведамстве кажуць, што абвесткі на форумах або ў сацсетках аб продажы лекаў, набытых у аптэцы, але не выкарыстаных, таксама з'яўляюцца рэкламай. Аўтара такіх абвестак могуць аштрафаваць на суму ад 5 да 30 базавых велічынь. Аднак калі прэпарат аддаецца бясплтана, рэкламай такое паведамленне не лічыцца. Праўда, медыкі падкрэсліваюць, што няма гарантыяў, ці не будзе шкодзіць гэты прэпарат.

Начальнік сектара кантролю за рэкламай упраўлення абароны правоў спажыўцоў і кантролю за рэкламай МАРТ Іна Гаўрыльчык паведаміла, што за неналежную рэкламу лекаў ІП выплачвае штраф ад 10 да 40 базавых велічынь, юрыдычная асоба — ад 20 да 50 базавых велічынь. Цяпер гэтыя штрафы хочуць павысіць, у тым ліку для фізічных асоб.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі