Што такое "складаныя жыццёвыя абставіны", якія вызваляць ад збору на дармаедства

Што такое "складаныя жыццёвыя абставіны", якія вызваляць ад збору на дармаедства

Калі чалавек апынуўся ў складанай жыццёвай сітуацыі, яго могуць вызваліць ад выплаты збору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў, расказвае намесніца міністра па падатках і зборах Святлана Шаўчэнка. "Прадугледжаная магчымасць звароту ў мясцовыя органы ўлады па пытанні вызвалення ад выплаты збору. Тыя грамадзяне, якім будуць накіраваныя паведамленні (пра аплату падатку) і ў якіх цяжкія фінансавыя абставіны, могуць звяртацца ў мясцовыя органы ўлады з заявай", ― удакладняе яна.

Еўрарадыё задумалася, што гэта за такая складаная жыццёвая ды фінансавая сітуацыя. Адсутнасць працы на працягу больш чым 180 дзён ― сама па сабе вельмі непрыемная з'ява. Але, відаць, бывае і горш.

У падатковай інспекцыі Мазырскага раёна ўдакладняюць, што пакуль "складаная жыццёвая сітуацыя" не можа быць прычынай вызвалення ад падатку ― гэта толькі праект. Але ў прынцыпе, такая практыка ў дачыненні да іншых збораў і падаткаў існуе. "Рашэнне аб вызваленні ад выплаты збору па Дэкрэце №3 прымае не падатковая інспекцыя, а органы мясцовай улады. Пакуль гэта не дзейнічае, змены прадугледжаныя толькі ў праекце. Але могуць вызваліць, напрыклад, ад выплаты падатку на нерухомасць, на зямлю. Гэтыя пытанні вырашаюць ў рай- і гарвыканкамах", ― расказвае намесніца кіраўніка падатковай інспекцыі Мазыра Марына Жук.

У Мазырскім райвыканкаме Еўрарадыё ўдакладнілі, што тэрмін "складаная жыццёвая, альбо фінансавая сітуацыя" прымяняецца ў некаторых выпадках. Напрыклад, калі адбыўся пажар альбо чалавеку патрэбная тэрміновая і дарагая медыцынская аперацыя. "Два віды дапамогі ёсць у такіх выпадках. Аднаразовая і штомесячная. Аднаразовая, гэта калі, напрыклад, пажар адбыўся. А штомесячная прызначаецца, калі прыбытак на аднаго члена сям'і меншы за пражытковы мінімум", ― расказваюць у Аддзеле сацыяльнай падтрымкі насельніцтва Мазырскага райвыканкама.

Напрыклад, у Мазырскім раёне ў "складаныя жыццёвыя і фінансавыя абставіны" штогод трапляе некалькі дзесяткаў жыхароў раёна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі