Што робіцца на рынках пасля 1 студзеня (фота)

Што робіцца на рынках пасля 1 студзеня (фота)

3 студзеня, абавязак мець сертыфікаты якасці на ўвесь тавар дзейнічае ўжо некалькі дзён. Еду на рынак “Ждановічы” праверыць чуткі пра закрыццё 90% ганлёвых кропак. Тыдзень таму іпэшнікі расказвалі мне, што кардынальных перамен чакаць не варта. Праўда, у трэці дзень 2016 года амаль усе павільёны, размешчаныя пад адкрытым небам, закрытыя. Ці то мароз (мінус дваццаць, дарэчы), ці то сертыфікаты — адно з двух. Іду да пакрытага шэранем мужыка ля стойкі з шапкамі і пальчаткамі. Мужык загаворвае першы:

— Хлопец, хавайся. Павяжуць цябе зараз (ківае на маю фотакамеру).

— За што?

— А я адкуль ведаю. Не любіць вашых адміністрацыя, учора тэлебачанне было, пагналі іх адразу, міліцыю нацкавалі.

Што робіцца на рынках пасля 1 студзеня (фота)
Што робіцца на рынках пасля 1 студзеня (фота)

Уцякаць не хачу. Хаваю камеру ў заплечнік і застаюся на пяць хвілін паразмаўляць з мужыком. Ён перапытвае, ці не хаваю я дзе-небудзь дыктафон, прадстаўляецца Іванам, потым расказвае, што працуе з сертыфікатамі даўно, некалькі месяцаў. Таму ў яго шапка а 80 тысяч каштуе на 15 тысяч даражэй, чым у суседа, які сертыфікаты не рабіў. “Гема..а (нязручнасцяў, — Еўрарадыё) там на два дні, не больш”, — майго новага знаёмага, відавочна, Указ 222 хвалюе не вельмі моцна. Іван расказвае, што працуе на Жданах ужо 12 гадоў і за гэты час “і не такое бачыў”:

“Ну абавязалі нас рабіць гэтыя сертыфікаты, і што? Будзем рабіць, кошты падымем. Каму яны горш зрабілі, нам? Мы сваё заробім. Гэта для людзей кошты падымуцца, не для нас. Пакупнікоў няма — гэта праблема. Але іх ужо даўно няма. З вясны. Мне 52 гады. Як не будзе тут гандлю, пайду сторажам некуды, не прападу”.

Што робіцца на рынках пасля 1 студзеня (фота)
Што робіцца на рынках пасля 1 студзеня (фота)

Пакупнікоў насамрэч няшмат. Тыдзень таму, калі прыязджаў на Ждановічы рабіць пераднавагодні матэрыял, людзей было заўважна больш. Праўда, толькі ля адкрытых кропак — у крытых павільёнах (тэмпература там — +13) народу хапае. І гандляроў там значна больш, чым на вуліцы. Працуе больш за палову павільёнаў, гандаль ідзе даволі актыўна — дзе-нідзе яшчэ захаваліся зніжкі. Прадаўцы кажуць, што гандлююць выключна “па сертыфікатах” ужо з восені, таму пакуль праблем з падатковай не мелі.

“Каля паловы пакуль не працуе. Нехта старое распрадаваў, цяпер дакументы робіць на ўсё. Нехта, хто хітрэйшы, узяў адпачынак на месяц, на студзень. Хочуць перачакаць, паглядзець, што будзе. Нешта ж будзе, дзе людзям апранацца?” — чую ад іпэшніцы з крытага павільёна.

Яе муж (назваць імя адмовіўся, але пагаварыць вельмі хацеў) выказваецца куды больш радыкальна. На яго думку, уся гісторыя з Указам №222 была задуманая як спроба “сплавіць са складоў беларускія шмоткі”:

“Але ніх..я (нічога, — Еўрарадыё) у іх не атрымаецца. Людзі хочуць апранацца прыгожа, людзі будуць апранацца якасна і прыгожа, і нічога з гэтым не зробіш. Вось на табе што цяпер з беларускага апранута? Вось проста цяпер, на табе? Шкарпэткі? А на мне і шкарпэткі кітайскія. І х..р (наўрад ці, — Еўрарадыё) я буду нешта ў ГУМе купляць”.

Што робіцца на рынках пасля 1 студзеня (фота)
Што робіцца на рынках пасля 1 студзеня (фота)

З тым, што на Ждановічах можна апрануцца якасна і прыгожа, я б, канешне, паспрачаўся. Але што народ са сталіцы і ваколіцаў, які прывык да турэцкіх джынсаў за 15 баксаў, памяняе іх на штаны айчыннага пакрою з ГУМа ці ЦУМа, таксама не веру. Гаварыць пра смерць Жданоў, відаць, пакуль рана.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі