Што чытаць: еўрапейскія папяровыя кніжкі альбо “амерыканскія” электронныя?

9 кастрычніка ў Франкфурце адкрываецца самы буйны ў свеце кніжны кірмаш. Сёлета ён праходзіць на фоне вострых дэбатаў аб панаванні ў кніжнай індустрыі тэхналагічных гігантаў: Apple, Amazon і Google.

“Раздзяляльная лінія цяпер праходзіць ужо не паміж старым і новым, друкаваным і электронным, аналагавым і лічбавым. Замест гэтага яна праходзіць паміж тымі, хто мае цягу да зместу, і тымі, хто хоча падаць доступ да яго, але не клапоцяцца аб тым, што прадаюць”, — кажа дырэктар Франкфурцкага кніжнага кірмаша Юрген Боос. І дадае, што Amazon, Apple і Google прадстаўляюць “лагістыку чараўнікоў, але не выдаўцоў”.

Сапраўды, сёння канкураваць з вялікімі анлайн-кампаніямі вельмі складана. Гэта добра зразумелі, напрыклад, у Францыі. Міністр культуры гэтай краіны Арэлі Філіпеці вінаваціць кампанію Amazon у дэмпінгу. А каб абараніць мясцовы кніжны рынак, французскі парламент нядаўна прыняў закон, які забараняе інтэрнэт-крамам бясплатна дастаўляць кнігі, на якія ўжо ёсць зніжка.

Amazon заявіў, што такія меры выклікаюць зніжэнне пакупніцкай здольнасці французскага народа. У той жа час 3000 незалежных кніжных крамаў у краіне скардзіліся, што не могуць канкураваць з паніжанымі цэнамі, якія прапануюць у інтэрнэце”, — перадае BBC.

Цікава, што французы змагаюцца супраць амерыканізацыі сваёй культуры рознымі спосабамі. Напрыклад, сёлета Франсуа Аланд прымусіў Google стварыць фонд у 60 мільёнаў еўра на падтрымку друкаванай прадукцыі. У выпадку адмовы прэзідэнт пагражаў увесці закон, згодна з якім кампанія мусіла б дзяліцца прыбыткам ад размяшчэння спасылак на французскія газетныя артыкулы.

Тым часам у Вялікабрытаніі ўтрая менш незалежных кніжных крам, чым у Францыі. Але тут  таксама разважаюць аб перспектывах традыцыйных кніжак. У пачатку года BBC, спасылаючыся на Nielsen BookScan, паведаміў пра спад у продажы папяровых кніг на Туманным альбіёне. Але нягледзячы на гэта некаторыя эксперты сцвярджаюць, што размовы аб гібелі папяровых кніжак з-за росту папулярнасці кніг электронных перабольшаныя. Пругкасць папяровых кніг адзначае і амерыканскі The Wall Street Journal:

“Набыццё электронных кніг, на самой справе, значна скарачаецца, бо спажыўцы выбіраюць замест іх шматфункцыянальныя планшэты. Цалкам магчыма, што электронныя кнігі не замяняюць друкаваныя, а больш выконваюць ролю аўдыёкніг-дапаўненняў для традыцыйнага чытання”.

Варта дадаць, што жыццё еўрапейскіх кнігавыдаўцоў значна ўскладнілася пасля адкрыцця кампаніяй Amazon падраздзялення ў Люксембургу. 

Фота: www.dw.de

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі