“Шмат канфліктаў на глебе палітыкі ўнутры сем’яў, паміж сябрамі”

“Зважай! Добры дзень, таварышы! Я падпалкоўнік расійскай арміі. Вітаю!

Вітаем, таварыш падпалкоўнік!

Глядзіце. З гэтага моманту, з гэтай хвіліны начальнікам УУС горада Горлаўка прызначаецца Шульжэнка Аляксандр Фёдаравіч”.

Такім чынам большая частка міліцыянтаў украінскай Горлаўкі пераходзіць у распараджэнне новай улады. Ужо былога кіраўніка міліцыі сепаратысты спачатку моцна пабілі ў будынку захопленага РУУС, а потым забілі проста ў машыне “хуткай” дапамогі жалезнымі прутамі.

“На самой справе што адбываецца? Ды нічога… Людзі жывуць сваім жыццём. На плошчы стаяць хлопцы са шчытамі і хлопцы са сцягамі. Я там кожны дзень бываю па працы. Усе спакойна праходзяць міма, гэтыя дэманстранты цяпер успрымаюцца збольшага як дэкарацыі”, — жыхарка Харкава Алена расказвае Еўрарадыё, што апошнім часам перастала сачыць за навінамі. Гаворыць, для нерваў так спакайней, а яны яшчэ могуць спатрэбіцца ў хуткай будучыні. І ўвогуле, чым менш размаўляць ва Украіне “пра палітыку”, тым прасцей захаваць нармальныя адносіны з блізкімі — рэвалюцыя падзяліла і сем’і, і сяброў.

“Людзі стараюцца сачыць за навінамі. І актыўна гэта абмяркоўваюць на працы, у транспарце. Але ёсць і такое, што людзі не хочуць паглыбляцца ў сітуацыю. Таму што цяпер вельмі шмат канфліктаў на глебе палітыкі. Унутры сем’яў, паміж старымі сябрамі”.

Алена гаворыць, што з’язджаць з Харкава не плануе, хоць некаторыя гараджане ўжо паспяшаліся прадаць усю нерухомасць і пачалі тэрмінова перасяляцца. Хто ўглыб Украіны, а хто ў Крым. Праблем з забеспячэннем прадуктамі і палівам у Харкаве пакуль няма. “Хіба што мандарыны чамусьці зніклі”, — скардзіцца Алена.

У паўднёвым Луганску больш неспакойна. Андрэй жыве там ужо шмат гадоў, гаворыць, што ў цэнтры горада цяпер насамрэч небяспечна.

“Палова за еўраінтэграцыю, палова за федэралізацыю… Цяжка сказаць. Пакуль у Луганску спакойна… У цэнтры, вядома, стаяць дэманстранты, барыкады. Там цяпер праходзіць мітынг, так званы прарасійскі майдан. Вось там не зусім спакойна. А падалей ад цэнтра нармальна, людзі працягваюць жыць, працаваць”.

Андрэй наракае на новыя кіеўскія ўлады. Маўляў, мала хто разумее, што яны збіраюцца рабіць — з Кіева на ўсход краіны даходзіць самая супярэчлівая інфармацыя. Бяздзейнасць уладаў вымушае людзей выходзіць на вуліцы. Прычым значная частка з іх занепакоеная не столькі дзеяннямі сепаратыстаў, колькі ростам цэн у два разы і спыненнем працы дзяржустановаў.

“Грыўна абясцэньваецца. У параўнанні з апошнімі падзеямі грыўна ў два разы абясцэнілася. Долар быў 8 грывень, а цяпер 15 у абменніках. І кошты растуць адпаведна. А заробкі пры гэтым як былі на адным узроўні, так і застаюцца”.

Што будзе далей з усходам Украіны, суразмоўцы Еўрарадыё прагназаваць не бяруцца. Падзеі развіваюцца настолькі імкліва, што, нават седзячы цэлы дзень у інтэрнэце, цяжка ўсё адсачыць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі