СБУ заяўляе, што Расія спрабавала скрасці ўкраінскі ваенны самалёт

Як паведамляе УНІАН,22 верасня контрразведка СБУ затрымала грамадзяніна, завербаванага расійскай ваеннай разведкай для выканання гэтай задачы. 44-гадовы мужчына — намеснік камандзіра авіяцыйнай (разведвальнай) эскадрыллі, які ўдзельнічаў у правядзенні антытэрарыстычнай аперацыі.
 
СБУ выявіла, што спярша на ўкраінца спрабавалі ўплываць праз брата — грамадзяніна Расіі, палкоўніка Узброеных сіл РФ у адстаўцы. Потым жонку і непаўналетнюю дачку лётчыка падчас наведвання расійскіх сваякоў затрымалі ў аэрапорце Масквы пры праходжанні пашпартнага кантролю. Каля трох тыдняў іх прымусова трымалі ў гатэлях Масквы і Санкт-Пецярбурга. У гэты час супрацоўнік расійскай ваеннай разведкі прапанаваў украінцу перагнаць самалёт СУ-24М на адзін з аэрадромаў Расіі. Украінцу, нібыта, абяцалі за гэта званне палкоўніка, працяг лётнай кар'еры, набыццё жылля ў Расіі, а таксама 30 тысяч долараў і іншыя матэрыяльныя даброты.

На працягу жніўня-верасня ішла падрыхтоўка да ўгону. Контрразведка СБУ своечасова выкрыла злачынныя намеры і зрабіла немагчымым угон самалёта, папросту адхіліўшы лётчыка ад палётаў. На яго пачалі крымінальную справу за дзяржаўную здраду. Лётчыку пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі. 

Фота — Мінабароны Украіны 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі