Саюз з Расіяй: Правозіць яблыкі ў Казахстан нельга, ў каўбасе - чума свіней

Мытны саюз Беларусі, Расіі і Казахстана “развіваецца”: цяпер еўрапейскую гародніну і садавіну ў Казахстан трэба вазіць праз… Украіну. Расіяне лічаць, што пастаўкі еўрапейскай гародніны ў Казахстан, насамрэч — пастаўкі ў Расію.

“Тым не менш, калі беларускі прадпрымальнік вырашыць, напрыклад, паставіць іспанскія мандарыны ў Казахстан, то ён можа гэта зрабіць праз афіцыйныя пункты пропуска. Праз Украіну, напрыклад. Бо ў Беларусі такіх пунктаў няма”, — даводзяць Еўрарадыё ў Рассельгаснаглядзе.

Хоць і прызнаюць, што аб’язджаць Расію праз Украіну, нязручна. Ініцыятар Мытнага саюза — Расія усё часцей разварочвае беларускія фуры з мясам на мяжы. Цяпер кішэчныя палачкі, сальманэлу і высокі ўзровень антыбіётыкаў знайшлі ў прадукцыі 8 беларускіх прадпрыемстваў.

Але з чаго ўсё пачалося. Яшчэ ў жніўні Расія ўводзіць эмбарга на прадукцыю з еўрапейскіх краін, Канады і ЗША ў адказ на санкцыі гэтых краін. Абмежаванні тычацца расліннай, мясамалочнай прадукцыі і рыбы. Адпаведна, Расія павялічвае экспарт з Беларусі — суседкі па Мытным саюзе, каб былі прадукты на паліцах.

Ужо ў кастрычніку гучыць першае абвінавачанне. У каўбасе Аршанскага мясакамбіната нібыта знайшлі геном афрыканскай чумы свіней. Увоз прадукцыі з гэтага прадпрыемства Рассельгаснагляд абмежаваў.

Пасля геном знаходзяць у каўбасе Бабруйскага, Магілёўскага, Мінскага мясакамбінатаў. У межах Мытнага саюза пытанне не вырашаецца.

Другая прэтэнзія да Беларусі ад Расіі — увоз еўрапейскай гародніны, якая падпадае пад эмбарга пад выглядам беларускай. 11 тон свежай гародніны з Беларусі не пускаюць у Расію ўжо 20 лістапада. У гэты ж дзень “умоўна патагенныя арганізмы” Рассельгаснагляд знаходзіць у прадукцыі адразу трох малочных камбінатаў.

Ужо на наступны дзень Расія вінаваціць Беларусь у “несапраўдным транзіце”, калі еўрапейская гародніна і садавіна едзе з Беларусі ў Казахстан, але спыняецца ў Расіі. Расселгаснагляд налічвае 11 тысяч тон такой гародніны.

Пасля Беларусь вінавацяць у “несапраўдным транзіце” польскіх яблыкаў. Па падліках Рассельгаснагляда, траціна прадукцыі, якая праходзіць праз смаленскую мытню, едзе ў Казахстан.

Але чаму нягледзячы на дэфіцыт прадуктаў Расія абмяжоўвае экспарт з Беларусі? Расія незадаволеная палітычнымі паводзінамі Беларусі, мяркуе эканаміст Леанід Злотнікаў.

“Нядаўна змяніўся кіраўнік Рассельгаснагляда. Магчыма, ён атрымаў заданне больш жорстка працаваць з Беларуссю. Бо Беларусь не прызнала далучэнне Крыма, Не прызнала Абхазію, не згарнула адносіны з Украінай, не падтрымала санкцыі Расіі. Пакрысе накопліваецца незадаволенасць. А раней яны глядзелі на экспарт спусціўшы рукавы”, — тлумачыць эканаміст.

Але дадае: шмат ад гэтых абмежаванняў Беларусь не страціць.

За год экспарт яблыкаў у Казахстан вырас у 12 разоў, у Расію вазіць сталі толькі удвая больш.

Фота: air-tours.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі