Савет Еўропы: Глыбока шкадуем, што Беларусь вынесла новы смяротны прысуд

Савет Еўропы: Глыбока шкадуем, што Беларусь вынесла новы смяротны прысуд

Савет Еўропы зноў заклікаў беларускія ўлады неадкладна ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне. Пра гэта гаворыцца ў заяве, распаўсюджанай прэс-службай арганізацыі.

“Мы глыбока шкадуем, што Беларусь вынесла яшчэ адзін смяротны прысуд сёння. Савет Еўропы чакае, што Беларусь дасць асуджанаму магчымасць звярнуцца з апеляцыяй. Смерць не азначае справядлівасць”, — адзначаецца ў дакуменце.

20 лістапада Гродзенскі абласны суд асудзіў 28-гадовага Івана Куляша да смяротнай кары. Мужчына прызнаны вінаватым у забойстве трох прадавачак у Лідскім раёне, а таксама ў рабаванні і разбоі. Абвінавачаны адмовіўся даваць паказанні ў судзе і выступаць з апошнім словам.

Паводле следства, у верасні 2013 года ён забіў дзвюх жанчын-прадавачак у Лідзе і скраў з крамы грошы і тавары на суму болей за 37 мільёнаў рублёў. У лістападзе мінулага года ён забіў яшчэ адну прадавачку ў Лідскім раёне і скраў з крамы грошы і тавары. Апроч таго, Кулеш прызнаны вінаватым у замаху на забойства сына прадавачкі, які заспеў яго ў краме.

Раней Кулеш быў двойчы судзімы за крадзеж і разбой, а таксама за заведама ілжывы данос. На момант узяцця пад варту афіцыйна нідзе не працаваў. 

Адвакат прасіў прызначыць пакаранне ў выглядзе 25 гадоў турмы, бо яго падабаронны падпісаў яўку з павіннай і супрацоўнічаў са следствам. Тым не менш суд вырашыў прыгаварыць Куляша да расстрэлу, перадае БелаПАН.

Гэта другі за 2015 год смяротны прысуд — раней да найвышэйшай меры паказання быў асуджаны малады чалавек, які жорстка забіў у Рэчыцы дзяўчыну.
 

Фота з архіву

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі