Самыя важныя пытанні і адказы пра 5-дзённы бязвізавы рэжым

Самыя важныя пытанні і адказы пра 5-дзённы бязвізавы рэжым

9 студзеня кіраўнік краіны падпісаў амаль сенсацыйны дакумент — Указ №8 зрабіў магчымым бязвізавае наведванне нашай краіны для грамадзян ажно 80 краінаў, у тым ліку 39 еўрапейскіх і ЗША. Пакуль трапіць у Беларусь без візы можна толькі на 5 дзён і выключна праз Нацыянальны аэрапорт, але прагрэс відавочны. Разбіраем важныя нюансы дакумента.

 

Калі ён пачне дзейнічаць?

Праз месяц пасля апублікавання. Як расказалі Еўрарадыё ў Нацыянальным цэнтры прававой інфармацыі, тэкст Указа №8 там яшчэ не атрымалі. "Пакуль мы не маем афіцыйнага тэксту дакумента, чакаем ліст з Адміністрацыі. Імаверна, ён прыйдзе сёння ў другой палове дня. І калі ўсё будзе нармальна, то 11 студзеня тэкст дакумента будзе апублікаваны на нашым партале", — кажуць у ведамстве. Такім чынам, пяцідзённы бязвізавы рэжым можа пачаць дзейнічаць ужо 12 лютага.

 

Якім чынам будуць фіксаваць час?

У Нацыянальным аэрапорце для гэтага прадугледжаная аўтаматычная сістэма. Яна фіксуе і запамінае час прыезду ў нашу краіну кожнага замежніка. У спрэчных момантах колькасць дзён будуць звяраць уручную па штампах памежнікаў. Пры гэтым важна ўлічваць, што дні лічацца ўключна і незалежна ад гадзіны, калі замежнік прыляціць у нашу краіну. То бок калі нехта зробіць гэта а 23-й гадзіне панядзелка, то выехаць без праблем зможа не пазней за пятніцу, нягледзячы на тое, што фактычна прабудзе ў Беларусі толькі чатыры дні.

 

А што, калі замежнік без візы застанецца даўжэй?

Штраф, дэпартацыя, альбо нават пазнака ў пашпарт аб забароне на ўезд у нашу краіну. Усё будзе залежаць ад таго, якая прычына пратэрміноўкі, і нават ад асобы замежніка. То бок плануецца індывідуальны падыход. Пакаранне прадугледжанае такое ж, як у выпадку пратэрміноўкі беларускай візы.

 

І нельга застацца нават на адзін дзень, нават калі вельмі-вельмі трэба?

Калі вельмі-вельмі трэба, то можна. Але давядзецца пераконваць у гэтым чыноўніка мясцовых органаў па грамадзянстве і міграцыі. Калі яны павераць, што застацца даўжэй у Беларусі замежніку проста кроў з носу як неабходна, то 5-дзённы тэрмін працягнуць. Акрамя гэтага ён будзе працягнуты ў выпадку хваробы і шпіталізацыі. То бок з бальніцы на насілках у аэрапорт вас ніхто не павязе.

 

Прыехаць можна будзе толькі праз аэрапорт. А выехаць?

Таксама толькі праз яго. Прыляцець з Берліна ў Мінск, а потым сесці на цягнік Мінск — Берлін не атрымаецца.

 

Пашпарты ёсць не ва ўсіх замежнікаў, шмат хто мае толькі так званыя ID-карты.

Давядзецца зрабіць пашпарты, без візы можна прыехаць толькі маючы такі дакумент. ID-карты пакуль нашыя памежнікі не прызнаюць. Нельга таксама забывацца на абавязковую наяўнасць медыцынскай страхоўкі і грошай (20 еўра на кожны дзень знаходжання ў Беларусі)

 

А што з "чорнымі спісамі" неўязных? Раней ім не давалі візы, а цяпер пусцяць?

Наўрад ці. Кіраўнік упраўлення памежнага кантролю Дзяржаўнага памежнага камітэта Алег Ляшук паведаміў, што калі замежніку з нейкіх прычынаў забаронены ўезд у нашу краіну і раней яму проста не давалі візу, то цяпер будуць заварочваць у аэрапорце. Пры гэтым чыноўнік не змог сказаць, як загадзя даведацца аб уключэнні ў такі спіс.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі