"Самае страшнае, што адбылося ў маім жыцці". Мінчанка перажыла шок пасля ўколу

"Самае страшнае, што адбылося ў маім жыцці". Мінчанка перажыла шок пасля ўколу

У верасні 2016 года мінчанка Міра, хворая на ангіну, угаварыла доктара прызначыць ёй антыбіётыкі. З вясны ў яе засталася скрыначка цэфтрыаксону, а каб ін'екцыя не была такой балючай, яго развялі лідакаінам. Укол зрабілі дома: па-першае, у сям'і былі медыкі. Па-другое, не хацелася ствараць чаргу ў амбулаторыі.

Да гэтага моманту гісторыя Міры вельмі звычайная. Штогод тысячам беларусаў выпісваюць антыбіётыкі, і шмат хто, каб не хадзіць у паліклініку, вырашае калоць іх дома. Але працяг у гісторыі такі: адразу пасля ін'екцыі дзяўчына перажыла ацёк Квінке — алергію такую ж моцную, як і анафілактычны шок. 

Усё скончылася добра, таму сёння Міра можа распавесці нам, як гэта — паміраць у паніцы, што "хуткая дапамога" не паспее.

"Я сама выпрасіла ў доктара гэтыя антыбіётыкі"

Міра: Гэта быў не першы і не другі выпадак у маім жыцці, калі я прымала гэты прэпарат. І ўсё было добра! Колькі я сябе памятаю: цэфатаксін, цэфтрыаксон... Мне здавалася, гэта звычайная справа. У верасні я ўпершыню ў жыцці захварэла ангінай. Не ведала, што гэта так складана і так цяжка, і на шосты дзень маліла свайго доктара, каб мне як-небудзь хутчэй паправіцца. Немагчыма было ўжо трываць гэтую тэмпературу, і моцна балела галава. Проста немагчыма было ўжо. І я сама выпрасіла ў доктара гэтыя антыбіётыкі. Сказала, што яны ў мяне ёсць, бо перад тым я хварэла ў траўні, і яны ў мяне засталіся. То бок гэта была тая ж скрынка, тая ж партыя.

Еўрарадыё: Укол зрабілі дома?

Міра: Так, я ніколі не хадзіла ў амбулаторыю, каб мне зрабілі ін'екцыю. Мне было каму зрабіць укол дома. І я проста палічыла сябе тым чалавекам, які не хоча ствараць чаргу ў амбулаторыі, каб мне ўкалолі антыбіётык. Рэакцыя пачалася вельмі хутка, амаль адразу. 

"Дзякаваць Богу, я была дома не адна"

Еўрарадыё: Што вы адчулі?

Міра: Мне здаецца, на дадзены момант гэта самае страшнае, што адбылося ў маім жыцці. Сітуацыя была абсалютна бескантрольная. Я адразу ж патэлефанавала доктару, і яна сказала тэлефанаваць у "хуткую". Гэта заняло секунды, але я ўжо не змагла гэтага зрабіць — пачала губляць прытомнасць. Дзякаваць Богу, я была дома не адна, і было каму і выклікаць "хуткую", дачакацца яе прыезду і элементарна адкрыць дзверы. 

Еўрарадыё: Ці памятаеце, як прыехалі дактары?

Міра: Ад моманту выкліку "хуткая" прыехала праз 7 хвілінаў. Я за гэты час ператваралася ў іншага чалавека: ацёк усяго цела, скура, якая чырванее на вачах. Ты не можаш гаварыць, ты адчуваеш, што складана дыхаць. І яшчэ абсалютную паніку, якую немагчыма суняць нават даросламу чалавеку. Бо ты разумееш, што хуткая можа не паспець. Калі "хуткая" прыехала — дактары адразу ўсё зразумелі і пачалі калоць адрэналін.

Еўрарадыё: Нешта падобнае здаралася раней?

Міра: Я дагэтуль увогуле не ведала, што такое алергія. Калі нехта ўвесну казаў: ізноў усе гэтыя кветкі пачаліся, хутчэй бы гэта ўсё скончылася — я думала: "Ды ладна, няўжо вам так складана жыць!"

Каментуе доктар: “Алергія на антыбіётыкі — непазбежнае зло”

Ці правільна дзейнічала Міра і ці можна было ўвогуле пазбегнуць алергічнай рэакцыі? На пытанні Еўрарадыё адказвае рэаніматолаг, кандыдат медыцынскіх навук Андрэй Вітушка.

"Самае страшнае, што адбылося ў маім жыцці". Мінчанка перажыла шок пасля ўколу

Андрэй Вітушка: Трэба Міры падзякаваць за жаданне не ствараць чэргі. Але ж ва ўсім цывілізаваным свеце прынята маніпуляцыі, звязаныя з парушэннем скуры, выконваць у медычных установах. Звычайна робіцца так: калі чалавек трапляе ў шпіталь з цяжкай інфекцыяй — з пнеўманіяй ці, як тут, з ангінай — яго пачынаюць лячыць там, а калі праз пару дзён сітуацыя стабілізуецца, выпісваюць і даюць рэцэпт на пераральныя прэпараты. Бо ў антыбіётыкаў, у тым ліку і ў цэфтрыаксону, існуюць такія ж самыя па эфектыўнасці аналагі ў сіропах і таблетках. А ўвогуле, ужо дастаткова даўно, не першае дзесяцігоддзе, існуе трэнд па змяншэнні ўжывання антыбіётыкаў. Бо занадта частае і неабгрунтаванае прымяненне антыбіётыкаў — гэта праблема. 

Еўрарадыё: Ці ўсе антыбіётыкі выклікаюць алергію?

Андрэй Вітушка: На жаль, алергічныя рэакцыі на антыбіётыкі — непазбежнае зло пры прымяненні такіх моцных прэпаратаў. Гэтым чалавечая папуляцыя плаціць за тое, што гэтыя лекі дазваляюць ратаваць жыцці і засцерагаць чалавека ад цяжкіх інфекцый. З медыцынскіх прэпаратаў алергію найчасцей выклікаюць антыбіётыкі пеніцылінавага шэрагу, бо яны банальна вельмі часта ўжываюцца. 

Еўрарадыё: Па звестках беларускага Цэнтра экспертыз і выпрабаванняў, якраз цэфтрыаксон і антыбіётыкі яго групы — на першым месцы па алергеннасці сярод лекаў.

Андрэй Вітушка: Цэфтрыаксон па структуры блізкі да пеніцылінавых антыбіётыкаў.

Еўрарадыё: Калі цэфтрыаксон змешваць з лідакаінам, рызыка анафілактычнага шоку павялічваецца?

Андрэй Вітушка: Мясцовыя анастэтыкі таксама здольныя выклікаць алергію. Нездарма калі людзі прыходзяць да стаматолагаў, і трэба рабіць анестэзію, — абавязкова пытаюцца, ці была калі-небудзь рэакцыя на анестэтыкі, ці лячылі калі-небудзь зубы з замарозкай. Гэта не проста так, а каб высветліць, ці была алергія. А калі змяшаныя два прэпараты — рызыка алергіі павялічваецца.

Антыбіётыкаў шмат у ежы. Чалавек можа сутыкнуцца з імі яшчэ да нараджэння

Еўрарадыё: Ці можна "вылічыць" алергію загадзя?

Андрэй Вітушка: Каб развілася алергія, трэба, каб чалавек сутыкнуўся з алергенам другі раз у жыцці. Пры першым кантакце фарміруецца гіперадчувальнасць, а пры другім можа развіцца алергічная рэакцыя. Але з антыбіётыкамі чалавек можа сустрэцца не толькі пры медычных кантактах. Іх шмат у ежы. Чалавек можа сутыкнуцца з антыбіётыкамі падчас унутрычэраўнага жыцця, калі іх выпісвалі маці. Усё гэта фармуе імуналагічную памяць чалавека. Безумоўна, ёсць тэсты, якія дазваляюць высветліць, ці ёсць у чалавека алергія. Але яны не заўсёды паказаныя, таму што алергія на антыбіётыкі — гэта, хутчэй, выключэнне, чым правіла. 

Еўрарадыё: Ці ўсё правільна зрабіла Міра, калі пасля ўколу адчула, што нешта пайшло не так?

Андрэй Вітушка: Так. Натуральна, трэба тэлефанаваць у хуткую дапамогу. У выпадку анафілактычнага шоку, калі ёсць пад рукой адрэналін — трэба ўкалоць адрэналін. Антыгістамінныя сродкі — не, гэта ўжо потым. Але ж людзі, якія былі ў такіх сітуацыях ці маюць схільнасць да алергіі, мусяць мець адрэналін дома. Магчыма, выпадкі анафілаксіі, якія апошнім часам набылі рэзананс, будуць падставай да таго, каб перагледзець некаторыя падыходы. Па-першае, да ўжывання антыбіётыкаў у ін'екцыях. А па-другое, да таго, каб усё ж выпісваць адрэналін людзям, якія маюць у ім патрэбу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі