Можно ли заказать прослушку в Беларуси и купить необходимые для нее устройства

Ці можна замовіць праслушку ў Беларусі і набыць неабходныя для яе прылады

На мінулым тыдні супрацоўнікі КДБ затрымліваюць злачынную групу, якая цягам трох гадоў праслухоўвала памяшканні, тэлефонныя перамовы, узломвала электронную пошту і акаўнты Skype, Viber, WhatsApp ды старонкі ў сацыяльных сетках жыхароў Беларусі. Ахвярамі зламыснікаў сталі больш за 2000 чалавек, у тым ліку, намеснік начальніка аднаго з РУУС Мінска, прадстаўнік кіраўніцтва Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС, супрацоўнікі Следчага камітэта, прадстаўнікі мытных органаў, вайскоўцы, кіраўнікі і прадстаўнікі органаў улады і кіравання, дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў а таксама журналісты дзяржаўных і недзяржаўных СМІ.

Пацярпелымі называюць каля 2 тысяч чалавек. Здавалася б, пры такой колькасці ахвяраў пра такую паслугу можна было лёгка даведацца. Спрабуем знайсці ў інтэрнэце хоць нейкія прапановы на падобную дзейнасць, але натыкаемся выключна на прадаўцоў шпіёнскага абсталявання. Што праўда, ніхто з іх на спробу набыць тавар не адказвае. Відаць, пасля гучнага затрымання яны часова заляглі на дно. Крымінальны кодэкс забараняе вытворчасць, збыт і набыццё ў мэтах збыту падобных прыладаў. Прычым, збытам у нашай краіне лічыцца нават, калі вы падаруеце "шпіёнскую" прыладу. І пакараць за гэта могуць чатырма гадамі турмы.

Тым не менш, асартымент абсталявання для схаванага аўдыё- і відэазапісу даволі шырокі. Мы пералічваем толькі самыя цікавыя з іх.

 

Жучок-камп'ютарная мышка. Працуе ён з дапамогай звычайнай GSM-карткі. Сімка ўстаўляецца у мыш, актывуецца, і ўсё. Вам застаецца набраць нумар тэлефона і слухаць усё, што адбываецца вакол мышкі. Зарадка прыладзе не патрэбная, бо сілкуецца яна ад камп'ютара. Да таго ж, жучок сам рэагуе на гукі і адпраўляе СМС, калі нехта побач пачынае размаўляць. Каштуе шпіёнская камп'ютарная мышка крыху больш за 50 долараў і прадаецца непасрэдна ў Беларусі. Таму, калі раптам вам калегі або сябры падаравалі мышку, праверце яе легальнасць!

Прыладаў, якія працуюць па такім прынцыпе, безліч. Прадаюцца яны пад прыкрыццём “GSM-няні”. То бок яны мусяць апавяшчаць бацькоў, што іх дзіця, напрыклад, прачнулася ці, патэлефанаваўшы на прыладу, можна даведацца, чым ваша дзіця цяпер займаецца. Але вось што дзіўна: навошта ж гэтыя няні так хаваюцца? Памер звычайнай каробачкі-няні — як палова звычайнай запальнічкі, дзіця ж можа такі жучок і праглынуць!

Калі беларускія гандляры падобнымі прыладамі не адказваюць, звяртаемся да кітайцаў. З дапамогай аднаго з найпапулярнейшых сайтаў-каталогаў тавараў з Паднябеснай ды прыкладна тысячы баксаў на картцы можна ў некалькі клікаў ператварыцца ў Джэймса Бонда.

шпіёнскі iPad

Шпіёнскія акуляры з аўдыё- і відэазапісам, флэшка з магчымасцю здымаць нават ноччу, аўтамабільная бірулька, камера-гузік, гадзіннік, нават душ… Паводле апісання тавару, усё здымае ў Full HD і каштуе кожная прылада каля 100 долараў. Дастаўка ажыццяўляецца поштай цягам максіму двух месяцаў. То бок такі варыянт не пасуе толькі тым, каму сачэнне патрэбнае вельмі тэрмінова.

Шпіёнская разетка

"Увоз і вываз спецыяльных тэхнічных сродкаў на тэрыторыю дзяржаў-удзельніц Мытнага саюза фізічнымі асобамі не дапускаецца", — гаворыцца ў пункце тры Палажэння пра парадак увозу на тэрыторыю Мытнага саюза адмысловых тэхнічных сродкаў, прызначаных для сакрэтнага атрымання інфармацыі.

То бок вашу пасылку могуць праверыць мытнікі і канфіскаваць на мяжы. Але ці чакае вас якое іншае пакаранне, апроч згубленых грошай?

“Наўмыснае незаконнае парушэнне таямніцы перапіскі, тэлефонных і іншых перамоваў, паштовых, тэлеграфных і іншых паведамленняў, — цытуе першую частку артыкула 203 Крымінальнага кодэксу РБ юрыстка Вольга, — А вось і тое, што вас цікавіць — другая частка артыкула: тое ж дзеянне з выкарыстаннем тэхнічных сродкаў, прызначаных для негалоснага атрымання інфармацыі. То бок, калі вы фіксуеце нейкія перамовы сваёй схаванай камерай, то вы трапляеце пад артыкул”.

Шпіёнскі бэйдж

Па першай частцы артыкулу прадугледжанае пакаранне ў выглядзе штрафу, папраўчых прац ці арышту на тэрмін да аднаго года. Па другой (калі выкарыстоўваеце тэхнічныя сродкі) — таксама штраф альбо арышт, але ўжо тэрмінам да двух гадоў.

Дарэчы, на памяці юрысткі ў Беларусі была толькі адна гучная справа, звязаная са шпіёнскімі прыладамі. Судзілі тады ўладальніка праваабарончай арганізацыі "Платформа" Міхаіла Жамчужнага, які перадаваў супрацоўніку МУС схаваныя відэакамеры, замаскіраваныя пад гузік і бірульку, каб той здымаў парушэнні ва ўтрыманні арыштаваных. Спадара Жамчужнага тады прызналі вінаватым і асудзілі на 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калоніі строгага рэжыму.

Последние новости

Главное

Выбор редакции