Жанну Літвіну адмовіліся ўключаць у Назіральны савет па СМІ

Старшыню Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанну Літвіну і яе намесніка Андрэя Бастунца не ўключылі ў склад Назіральнага савета па кантролі за выкананнем парадку і правілаў правядзення перадвыбарчай агітацыі ў СМІ. Як паведаміў Еўрарадыё сябра Савета, першы намеснік галоўнага рэдактара “СБ — Беларусь сегодня” Міхаіл Лябедзік, іх прысутнасць у складзе Савета палічылі “немэтазгоднай”.

Міхаіл Лябедзік: “Так, гэта пытанне разглядалася. Рашэнне такое, што — не. Немэтазгодна!”

Праўда, ён дадаў, што сябры Назіральнага савета канчаткова рашэнне не прымаюць – яны толькі даюць рэкамендацыі. І ў гэтым выпадку Цэнтравыбаркам запытаўся меркаванне сябраў наконт асоб, якіх было прапанавана ўвесці ў склад савета. А яны ўжо выказалі сваё стаўленне да гэтага.

Нагадаю, 5 верасня сябра Цэнтравыбаркама з дарадчым голасам Ігар Лялькоў прапанаваў ЦВК уключыць у склад Назіральнага савета старшыню БАЖ Жанну Літвіну і яе намесніка Андрэя Бастунца, а таксама намесніка галоўнага рэдактара “Нашай Нівы” Змітра Панкаўца. Сёння ў складзе Назіральнага савета 7 чалавек — прадстаўнікі Мінінфармацыі і грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз журналістаў”, а таксама прадстаўнікі друкаваных сродкаў масавай інфармацыі, заснаваных дзяржавай, і Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі